Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч пра званок Мэркель Лукашэнку: «На яго могуць паўплываць толькі больш жорсткія рэчы»


Сьвятлана Алексіевіч

Тэлефанаваньне выканаўцы абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Аляксандру Лукашэнку мы папрасілі пракамэнтаваць пісьменьніцу, нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч

На пачатку лістапада яна разам яшчэ з трыма нобэлеўскімі ляўрэаткамі па літаратуры — Эльфрыдэ Елінэк, Гэртай Мюлер і Вольгай Такарчук — выступіла з адкрытым лістом наконт міграцыйнага крызісу.

«Эўрапейскі чалавек глядзіць на ўсё зусім інакш, — кажа Сьвятлана Алексіевіч. — Мы разам з трыма іншымі нобэлеўскімі ляўрэаткамі напісалі ліст. У ім мы адзначылі, што гэта, зразумела, палітычная, геапалітычная гульня. Але мы хочам паглядзець на гэта з гуманітарнага пункту гледжаньня. У нас лічыцца, што палітыкам гэта неўласьціва. Але Мэркель паставілася да гэтага менавіта з гуманітарнага пункту гледжаньня. Яна гаварыла менавіта пра людзей, а не пра палітычныя матэрыі. Яна не зьбірала ніякіх палітычных дывідэндаў з гэтай размовы. Гэта быў гуманітарны парыў, і ня варта ўкладаць у гэта нейкі іншы сэнс.

На яе некалі зрабіў моцнае ўражаньне фатаздымак загінулага дзіцяці, які абляцеў увесь сьвет. Людзі пераяжджалі на лодках, і хваля прыбіла да берага мёртвае дзіця. Гэта яе ўразіла. Тады Нямеччына прыняла каля мільёна ўцекачоў. Тагачасны парыў Мэркель ня ўся Нямеччына прыняла. Але яна ж дачка пастара. І для яе чалавечае вышэй. Іншая справа, што яна перабольшвае, калі лічыць, што на Лукашэнку можна ўплываць. Я лічу, што на яго могуць уплываць толькі больш жорсткія рэчы».

У панядзелак увечары адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.

«Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях», — паведаміла прэсавая служба Мэркель.

Паводле агенцтва БелТА, размова доўжылася 50 хвілін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG