Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адміністраваньне тэлеграм-каналу «Белыя халаты» студэнта пакаралі 4 гадамі турмы


Прысуд 21-гадоваму студэнту 4-га курсу Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ўладзіславу Марціновічу 15 лістапада агучыла ў Менскім гарадзкім судзе судзьдзя Алена Ананіч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Марціновіча прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністраваньня тэлеграм-каналу «Белыя халаты».

Уладзіслава Марціновіча амаль год утрымліваюць пад вартай у СІЗА-1.

Хлопца затрымалі 19 лістапада — у той самы дзень, што і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, і лекара Арцёма Сарокіна, якіх асудзілі за абнародаваньне мэдычных дакумэнтаў забітага жыхара менскай «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнкі.

У чым вінавацяць?

Паводле абвінавачваньня, Уладзіслаў Марціновіч у жніўні 2020 году «стварыў тэлеграм-канал „Белыя халаты“, распаўсюджваў матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі, штучнае нагнятаньне напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве, прапаганду ідэалёгіі экстрэмізму, а таксама паслабленьне пачуцьця патрыятызму».

Згодна з матэрыяламі справы, у тэлеграм-канале «Белыя халаты» зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да масавага звальненьня мэдработнікаў, няякаснага аказаньня дапамогі і ўдзелу ў пратэстах. Акрамя гэтага, выяўлены публікацыі аб падтрымцы ў правядзеньні масавых акцый мэдработнікамі, спосабах супрацьдзеяньня ўладзе, а таксама паведамленьні, якія дыскрэдытуюць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Мэтай рэсурсу зьяўляецца ўзьдзеяньне на сьвядомасьць і волю работнікаў аховы здароўя і мэдыцыны Рэспублікі Беларусь, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў мэдустановаў адукацыі краіны», — гаворыцца ў абвінавачваньні.

Такім чынам, Уладзіслаў Марціновіч нібыта зьдзейсьніў злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу — публічна заклікаў да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт.

Пазыцыя абвінавачанага

Падсудны сваю віну не прызнае. На пытаньне, ці зразумелае яму абвінавачаньне, ён адказаў, што не.

«Спачатку гаворыцца аб стварэньні каналу, потым аб распаўсюдзе. Хацелася б ведаць, мне ставіцца ў віну ўсё гэта ў сукупнасьці — і распаўсюджваньне, і стварэньне, і публікацыя? Ці зьяўляецца стварэньне і вядзеньне каналу злачынствам? Ці сапраўды кожны пост зьмяшчае заклікі і шкоду?»

Студэнт заявіў, што «ў сваіх дзеяньнях ён не знаходзіць ніводнага парушэньня Крымінальнага кодэксу». Ён таксама абверг адміністраваньне каналаў у тэлеграме. Па яго словах, гэта ён казаў і супрацоўнікам міліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG