«У пачатку наступнага тыдня будзе апублікаваны наш доўгачаканы даклад пра „Вагнэргейт“, у якім будуць прадстаўленыя падрабязнасьці таго, што прывяло да арышту 33 меркаваных расейскіх наёмнікаў у Беларусі ў ліпені 2020 году», — сказана ў паведамленьні групы.
8 верасьня амэрыканскі тэлеканал CNN агучыў размовы з трыма ананімнымі «былымі высокапастаўленымі асобамі ўкраінскай вайсковай выведкі», якія расказалі, як яны працавалі над падрыхтоўкай апэрацыі па захопу ў палон чальцоў расейскай ПВК Вагнэра.
Камэнтуючы паведамленьне аб няўдалай апэрацыі, прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што «ідэя такой апэрацыі была ідэяй, скажам так, іншых краінаў, дакладна не Ўкраіны».
29 ліпеня 2020 году ў санаторыі пад Менскам былі затрыманыя 33 грамадзяніны Расеі. Беларускія ўлады заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні выбараў, а Аляксандар Лукашэнка тады назваў затрыманьне расейцаў з ПВК Вагнэра «надзвычайнай падзеяй» і заявіў пра «брудныя намеры» Расеі.
Украіна прасіла выдаць затрыманых баевікоў, бо яны ўдзельнічалі ў баях на Данбасе і ваявалі супраць Узброеных сілаў Украіны.
Аднак афіцыйна ніякіх абвінавачаньняў ім выстаўлена не было, і праз два тыдні 32 з 33 затрыманых былі вернутыя ў Расею. Яшчэ адзін застаўся ў Беларусі, бо мае і беларускае грамадзянства.
18 жніўня 2020 году ў сацыяльных сетках і ў некаторых СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамлялася, што затрыманых у ліпені ў Беларусі расейскіх наёмнікаў насамрэч плянавалі затрымаць украінскія спэцслужбы, якія праводзілі апэрацыю пошуку і затрыманьня асобаў, датычных да злачынстваў на Данбасе, больш за год.
Як паведамляюць СМІ, у прыватнасьці, выданьне «Украінская праўда», пасьля таго, як сілавікі паведамілі аб спэцапэрацыі Офісу прэзыдэнта, яна была сарваная, магчыма, з-за працёку інфармацыі.
Служба бясьпекі Ўкраіны назвала паведамленьне аб удзеле СБУ ў спэцапэрацыі затрыманьня ўдзельнікаў ПВК Вагнэра ў Беларусі фэйкам і інфармацыйным «укідам» і заклікала «не распаўсюджваць чуткі на карысьць недружалюбнай дзяржавы».