Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні; год таму — акцыі памяці Рамана Бандарэнкі ў многіх гарадах Беларусі


Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, Менск, 15 лістапада 2020
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, Менск, 15 лістапада 2020

Падзеі 15 лістапада ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

15 лістапада — міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні. Штогод, пачынаючы ад 1981, у гэты дзень ПЭН-цэнтар, міжнародная пісьменьніцкая праваабарончая арганізацыя, выказвае салідарнасьць з пісьменьнікамі, журналістамі, выдаўцамі, якія зазналі зьняволеньне, перасьлед, альбо загінулі. У часе выбарчай кампаніі 2020 і пасьля дня галасаваньня дзясяткі беларускіх літаратараў прайшлі праз турмы, частка зь іх, у тым ліку Павал Севярынец і Аляксандар Фядута, дагэтуль за кратамі.

У гэты дзень год таму

  • Тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах. Больш за 1000 затрыманых.
  • На «Плошчы пераменаў» у Менску камунальнікі пасьля масавых затрыманьняў разабралі мэмарыял забітаму Раману Бандарэнку.
  • Былы прэм’ер Бэльгіі Гі Вэргофстат заклікаў да міжнароднага трыбуналу ў справе Беларусі.

Гэты дзень у гісторыі

1416 — сабор біскупаў у Наваградку пасьвяціў Рыгора Цамблака ў мітрапаліта кіеўскага.

1777 — другі Кантынэнтальны кангрэс Амэрыкі выдаў Артыкулы Канфэдэрацыі, потым зьмененыя на Канстытуцыю ЗША.

1918 — закрылася Сьвіслацкая беларуская настаўніцкая сэмінарыя.

1920 — у Жэнэве прайшло першае пасяджэньне асамблеі Лігі Нацый, створанай годам раней.

Першае пасяджэньне Лігі нацыяў, Жэнэва, 15 лістапада 1920
Першае пасяджэньне Лігі нацыяў, Жэнэва, 15 лістапада 1920

1925 — выйшла першая перадача Першага нацыянальнага каналу беларускага радыё.

1932 — у Менску адкрылася Беларуская кансэрваторыя.

1962 — стварылі Саюз кінэматаграфістаў Беларусі.

1983 — Турэцкая рэспубліка Паўночнага Кіпру абвясьціла сваю незалежнасьць, якую прызнала толькі Турэччына.

Мяжа паміж Кіпрам і непрызнанай Рэспублікай Паўночнага Кіпру
Мяжа паміж Кіпрам і непрызнанай Рэспублікай Паўночнага Кіпру

1988 — Парлямэнт Арганізацыі вызваленьня Палестыны ў выгнаньні абвяшчае аб стварэньні незалежнай дзяржавы Палестына са сталіцай у Ерусаліме.

У гэты дзень нарадзіліся

1738 — Уільям Гершэль, астраном, які адкрыў плянэту Уран.

1869 — Чарлз Вільсан, брытанскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі (1927).

1878 — Мэльхісэдэк (ад нараджэньня Міхаіл Паеўскі), мітрапаліт Менскі й Беларускі, перасьледаваны савецкімі спэцслужбамі

Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк
Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк

Мне выпала быць крыху знаёмым зь некалькімі полацкімі япіскапамі. Адзін пры сустрэчы заўсёды сварыўся на дэмакратаў: «Какую страну развалили!» Другі, выступаючы ў бібліятэках, не рэкамэндаваў чытаць Рыгора Барадуліна («униат») і Васіля Быкава («занял неправильную позицию»). Трэці часта хадзіў у вайсковым галіфэ і прынцыпова ніколі не сказаў і трох беларускіх словаў.

Я рытарычна пытаюся ў сябе: ці было б такое магчыма ў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, прыхільнікам стварэньня якой быў мітрапаліт Мэльхісэдэк? (Яго старазапаветнае, атрыманае пры пострыгу ў манахі, імя азначае «цар праўды».)

У дваццаць восем гадоў яму ўручылі жазло ігумена Магілеўскага брацкага манастыра. У 1919-м ён заняў пасаду япіскапа Менскага і Тураўскага. Баронячы правы праваслаўных, у занятым палякамі Менску ўладыка Мэльхісэдэк дамогся сустрэчы з кiраўнiком адноўленай Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудзкім, у размове зь якім, дарэчы, адхіліў прапанову ўзначаліць Польскую аўтакефальную праваслаўную царкву.

Абраны ў 1922 годзе мітрапалітам Менскім і Беларускім, ён зьвярнуўся да сьвятароў і вернікаў з пасланьнем, дзе ўтварэньне БССР назваў падставаю для аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы, што ў пэрспэктыве павінна было прывесьці да яе аўтакефаліі. Апрача таго, беларускі ярарх адкрыта заявіў пра падтрымку нацыянальнага Адраджэньня і неабходнасьць увесьці ў набажэнствы беларускую мову.

Ці трэба зьдзіўляцца, што неўзабаве ён апынуўся пад хатнім арыштам? Мэльхісэдэк адмовіўся ад усялякіх кантактаў з створанай пад патранатам бальшавікоў гэтак званай «абнаўленцкай царквой». Улады адказалі антыцаркоўным судовым працэсам, які, зрэшты, набыў непажаданы для ініцыятараў характар. Справу спусьцілі на тармазах, і мітрапаліту прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Радасьць ягоных прыхільнікаў была нядоўгая. Мэльхісэдэка выклікалі ў Маскву і кінулі ў сумназнакамітую Бутырку, адкуль адправілі на пасяленьне ў Марыінск. У сібірскія маразы хворы на сухоты ўладыка мусіў карміць сьвіней і выкідаць з хлявоў гной. Пасьля вызваленьня ён імкнуўся вярнуцца ў Беларусь, але ў выніку зноў і зноў трапляў за краты. Неўзабаве яго напаткала загадкавая сьмерць падчас набажэнства ў адным з маскоўскіх сабораў.

Ужо даўно гучаць прапановы пра далучэньне Мэльхісэдэка да беларускіх сьвятых. Адпаведны зварот да Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы прагучаў і ў прысьвечанай уладыку кнізе Тацяны Процькі «Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну».

Кніга выйшла ў 1996-м. Сынод дагэтуль думае.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 134 −135.

1907 — Клаўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг, палкоўнік вэрмахту, выканаўца замаху на Адольфа Гітлера.

Клаўс Шэнк фон Штауфэнбэрг
Клаўс Шэнк фон Штауфэнбэрг

1918 — Франціш (Францішак) Бартуль, прадпрымальнік, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Вялікабрытаніі й ЗША

Зьлева направа: Міхась Булыга, Браніслаў Курага-Скрага, Франціш Бартуль, а. Часлаў Сіповіч, Аляксандар Надсан, Павал Асіповіч, Павал Навара, Янка Мазура, Міхась Баяроўскі. Лёндан. 1952 год
Зьлева направа: Міхась Булыга, Браніслаў Курага-Скрага, Франціш Бартуль, а. Часлаў Сіповіч, Аляксандар Надсан, Павал Асіповіч, Павал Навара, Янка Мазура, Міхась Баяроўскі. Лёндан. 1952 год

На памяць пра нашыя размовы на адной з традыцыйных сустрэч беларусаў Паўночнай Амэрыкі мне застаўся сьветлы «абразок»: Франціш Бартуль несупынна ўсьміхаецца, шкадуе, што ў мэню няма дранікаў, і ўвесь час распытвае, не дазваляючы разгаварыць яго самога.

Усё ж мне гэта ўдалося, і да тых зьвестак пра спадара Франціша, што я недзе ўжо чытаў (нараджэньне на беларускім этнічным абшары, які бальшавікі аддалі Латвіі, пасьпяховы бізнэс у галіне дантыстычных тэхналёгіяў), дадаліся надзвычай яскравыя штрыхі.

У часе школьных вакацыяў юны Франціш падзарабляў цяжкай і небясьпечнай працаю аснача — ганяў па Дзьвіне плыты ў Рыгу. На пачатку вайны ён служыў у Чырвонай арміі й займаўся эвакуацыяй сем’яў і маёмасьці савецкага кіраўніцтва Латгаліі, якое на знак падзякі не ўзяло яго ў апошні цягнік. (Сказалі, што няма месца, і пакінулі зь няспраўным пісталетам.)

У 1944-м годзе ён зусім нядоўга павучыўся ў менскай Беларускай афіцэрскай школе і быў зь яго добрым веданьнем моваў тэрмінова запатрабаваны на пасаду перакладчыка ў штаб камандзіра нядаўна ўтворанай Беларускай Краёвай Абароны генэрала Францішка Кушаля...

Апынуўшыся зь сям’ёю Франціш Бартуль у ЗША, Бартуль заснаваў прамысловую карпарацыю «А-rite». Ягонымі партнэрамі й сябрамі былі італіец, індус, кітаец і ямайкіец. Ён добра валодаў латыскай, польскай, расейскай, нямецкай, ангельскай і лацінскай мовамі.

Але прынцып «Беларусь — перадусім» заўсёды заставаўся для яго галоўным. «Беларушчына — гэта хвароба, якой немагчыма пазбыцца ніколі», — казаў ён. Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў ён быў сябрам Рады БНР і ўзначальваў Фундацыю імя Пётры Крачэўскага ў Нью-Ёрку.

Адзін з маладых эмігрантаў апошняй хвалі сказаў пра Бартуля: «Ён быў бацькам для ўсіх беларусаў, якія ня мелі бацькі».

Калі Беларусь здабыла незалежнасьць, спадар Франціш (якраз так ён сябе заўжды называў) паважна разглядаў магчымасьць вяртаньня на Бацькаўшчыну. Гэтыя пляны былі зламаныя кантранаступам антыбеларускіх сілаў у сярэдзіне 1990-х.

Вера ў хуткае Адраджэньне пахіснулася, але не зьмяніла імкненьня дапамагаць беларусам — і за акіянам, і на радзіме. Да прыкладу, Бартуль прафундаваў выданьне кніжкі свайго школьнага настаўніка Эдварда Вайвадзіша, пасьля чаго амаль стогадовы літаратар атрымаў пасьведчаньне сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш, зяць Бартуля, прыгадвае, як за дзень да сьмерці ён, зусім зьнясілены хваробаю, яшчэ пытаўся: «Што там у Беларусі?»

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 554-555.

1919 — Алесь Міцкевіч, беларускі грамадзка-культурны і рэлігійны дзяяч у ЗША.

1926 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Увесну 1983-га мы зь сябрам Вінцэсем Мудровым ехалі на пахаваньне Ларысы Геніюш. У вагоне дызэлю з Баранавічаў на Ваўкавыск, відавочна зрэагаваўшы на беларускую мову, да нас пачаў прыглядацца высокі станісты мужчына. Мы насьцярожыліся й замоўклі. Але ў Зэльве падазроны пасажыр выйшаў сьледам, і мы, убачыўшы ягоную выпраўку, ужо амаль не сумняваліся, з кім маем справу.

Як жа прыемна было памыліцца, калі даведаліся, што наш нежаданы спадарожнік — сулягернік спадарыні Ларысы, якому яе вершы дапамаглі вытрымаць тыя нечалавечыя ўмовы. Іх, вершы, перапісаныя драбнюткімі радкамі на папяроснай паперы, перадавалі з жаночай зоны ў мужчынскую, выкарыстоўваючы самыя розныя вынаходкі. Адной з найбольш надзейных схованак быў кавалак вугалю з сакрэтам.

Свае 25 гадоў Мікола Канаш мусіў адбываць за тое, што вучыўся пры немцах у Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі й уступіў там у Саюз беларускай моладзі. Яго арыштавалі падчас службы ў войску: выпісалі камандзіроўку й пазнаёмілі зь яшчэ адным «камандзіраваным». Мікола ўсё зразумеў, калі пайшоў у цягніку ў прыбіральню, а той, другі, адразу рвануўся за ім.

Канцлягер у Інце толькі загартаваў яго беларускі патрыятызм. Аднойчы, ужо праз шмат гадоў пасьля вызваленьня, Канашу за «выдатную працу» ў шахтах прапанавалі ключы ад кватэры й пуцёўку ў Карлавы Вары. Але трэба было выканаць адну «фармальнасьць»: пакаяцца ў мясцовай газэце за грахі маладосьці. Новай кватэры, як і чэскага курорту, Мікола Імполевіч так і не пабачыў.

Там, у Комі АССР, адкуль і на «волі» не дазвалялі вярнуцца на Бацькаўшчыну, ён сустрэў сваё шчасьце — украінку Соф’ю, таксама асуджаную на 25 гадоў за нацыяналізм, у прыватнасьці за тое, што падняла зь зямлі ліст, кінуты на дол адным з палонных байцоў Украінскай паўстанцкай арміі, калёну якіх гналі па вуліцы.

Міколу і Соф’ю таемна павянчаў украінскі вуніяцкі сьвятар, былы зьняволены. Усё жыцьцё яны, не дамаўляючыся, гаварылі ў сям’і кожны на сваёй роднай мове. Я пераканаўся ў гэтым, гасьцюючы ў Канашаў у іхняй каапэратыўнай кватэрцы ў Жлобіне, куды ім удалося пераехаць з Поўначы адно ў 1970-я.

Жытло месьцілася на першым паверсе шматпавярховіку, і, калі на стале скончыліся салёныя гуркі, гаспадар зьлёгку пасунуў ходнічак, падчапіў шахтарскім мезенцам уштукаванае ў масьнічыну непрыкметнае колца, і маім вачам адкрыўся ўваход у глыбачэзнае сутарэньне, дзе можна было б схаваць цэлы ўзвод.

У дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя дзядзька Мікола не ўступаў ні ў якія арганізацыі, але ў Жлобіне сваім лічылі яго і тэбээмаўцы, і фронтаўцы. Для моладзі ён напраўду быў жывой легендай.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 572-573.

1938 — Віктар Цітоў, беларускі этноляг і гісторык культуры.

У памяці

1630 — Ёган Кеплер, нямецкі матэматык, астраном і астроляг.

1907 — Юзаф Каліноўскі, блізкі паплечнік Кастуся Каліноўскага.

1908 — Цысі, маньчжурская імпэратарка.

1916 — Генрык Сянкевіч, польскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Генрык Сянкевіч
Генрык Сянкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG