Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве «Прэс-клюб» адкрыў прастору для беларускіх журналістаў


9 лістапада ў Варшаве прайшло адкрыцьцё мэдыя-хабу — прасторы для беларускіх журналістаў. Тут яны могуць працаваць, ладзіць мерапрыемствы і сустрэчы.

Арганізатарам мэдыя-хабу стаў беларускі «Прэс-клюб». Упершыню пасьля пачатку пандэміі каранавірусу, перасьледу кіраўнікоў і супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» прайшла офлайн-лекцыя філёзафа, прафэсара ЭГУ Тацьцяны Шчытцовай на тэму беларускай рэвалюцыі, незалежных СМІ і іх ролі ў актуальнай інфармацыйным парадку дня.

Выступае Тацьцяна Шчытцова
Выступае Тацьцяна Шчытцова

Кіраўніца міжнародных праектаў «Прэс-клюбу» Натальля Белікава расказала Свабодзе, што гэта другі хаб для беларускіх журналістаў на тэрыторыі Польшчы. Першы быў адкрыты ў Беластоку.

«Гэта цяпер сталая рэзыдэнцыя „Прэс-клюбу“. Увесь мандат, які быў у Менску — мы плянуем працягваць тут, у тым ліку, як сёньня правялі першую офлайн-лекцыю. Уся наша дзейнасьць, як і раней, будзе накіравана на разьвіцьцё беларускіх мэдыя. Тут будзе рэзыдэнцыя і праекту mediaiq. by, які выкрывае прапагандысцкія міты і дбае пра захаваньне журналісцкіх стандартаў. Нягледзячы на тое, што незалежныя СМІ ў Беларусі закрываюць, мы працягваем маніторынг СМІ і будзем рабіць маніторынг тэлеграм-каналаў. Гэта для разуменьня — каму можна давяраць, каму не», — патлумачыла Белікава.

Натальля Белікава
Натальля Белікава

Яна дадала, што хаб дае магчымасьць працаваць у цішыні ці зладзіць сустрэчы, таксама — з аднадумцамі, чаго вельмі не хапае ў час пандэміі і вымушанай эміграцыі журналістаў.

«У нашых плянах — мэдыя-інкубатары, адукацыйныя мерапрыемствы, трэнінгі для медыя-спэцыялістаў, каб яны асвоілі новыя кампэтэнцыі», — зазначыла кіраўніца праектаў.

У плянах «Прэс-клюбу» таксама — адкрыць хаб для беларускіх журналістаў у Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG