Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнік з 15-гадовым досьведам — пра дзеяньні былых калегаў: «Яны робяць службовыя злачынствы»


Пад наглядам узброеных беларускіх сілавікоў мігранты штурмавалі польскую мяжу 8 лістапада
Пад наглядам узброеных беларускіх сілавікоў мігранты штурмавалі польскую мяжу 8 лістапада

Беларускі памежны камітэт засьведчыў, што ля мяжы з Польшчай цяпер знаходзяцца каля 2 тысяч мігрантаў. Яны спрабуюць прарвацца ў Польшчу — зламалі ў некаторых месцах агароджу. Польскія памежнікі і вайскоўцы «адбіваюць атаку».

Беларускі памежнік, які адслужыў 15 гадоў, пракамэнтаваў на просьбу Свабоды дзеяньні сваіх былых калегаў.

Ён лічыць, што мігранты адназначна зьяўляюцца парушальнікамі, бо знаходзяцца ў памежнай паласе.

«Паводле заканадаўства, для таго, каб знаходзіцца ў памежнай паласе, трэба мець пашпарт і пропуск, які выдалі органы памежнай службы. Тут жа мы бачым, што мігранты вольна „жывуць“ у памежнай паласе, паляць вогнішчы, сякуць дрэвы — і іх ніхто не чапае! У цёмны час сутак наогул нікому нельга знаходзіцца ў памежнай паласе! Гэта рабіць можна толькі ў крайнім выпадку, па рашэньні начальніка органа памежнай службы. Значыць, калі „законна“, то яны знаходзяцца там выключна па рашэньні памежнага начальства», — кажа былы памежнік.

Ён лічыць, што былыя калегі, не зьвяртаючы ўвагі на парушэньні закону, больш за тое, спрыяючы такім парушэньням, робяць службовае злачынства.

«Калі нелегала ловяць у памежнай паласе, то інструкцыя стандартная: затрыманьне — пратаколы — ІЧУ — прыняцьце рашэньня аб дэпартацыі. І заўсёды так было», — дадаў былы памежнік.

Ён зьвяртае ўвагу: калі мігранты сёньня ішлі па дарозе рэспубліканскага значэньня ў бок пункту пропуску — яны нічога не парушалі. Але калі яны збочылі ў лес і трапілі ў памежную паласу — сталі парушальнікамі. «Наколькі я ведаю, памежнікі маюць загад зьверху — не затрымліваць мігрантаў, а спрыяць ім», — выказаўся суразмоўца.

Яшчэ ён заўважыў, што цяпер да «аховы» мігрантаў, ці да іх «ачапленьня», пачалі прыцягваць і вайскоўцаў тэрміновай службы.

«Яшчэ зьвярну ўвагу на такую акалічнасьць: на відэа відаць, што спальнікі ва ўсіх аднолькавыя, нават у курдаў і сырыйцаў. Гэта значыць, што была цэнтралізаваная закупка. А ў аднаго я заўважыў нават спальнік, якімі карыстаюцца памежнікі», — зазначыў былы памежнік.

Што адбывалася на мяжы 8 лістапада. Коратка

  • Раніцай 8 лістапада ў сацыяльных сетках зьявіліся відэа буйной групы мігрантаў, якая рухалася ў пункт пропуску «Брузгі» на мяжы з Польшчай. Але пазьней група, якую суправаджалі грузавікі зь зялёнымі нумарамі беларускай памежнай службы і вайскоўцы з аўтаматамі і сабакамі, сышла ў лес.
  • Каля тысячы мігрантаў ушчыльную наблізіліся да польскай мяжы, з-за дроту за імі сачылі ўзмоцненыя сілы польскай памежнай варты і Мінабароны.
  • А 15-й гадзіне стала вядома пра першую спробу прарыву мяжы, якую спынілі польскія вайскоўцы. Мігранты штурмавалі польскую агароджу з дапамогай сякераў, бярвеньняў, рыдлёвак і кусачак.
  • Польскі бок заявіў, што штурм іх мяжы адбываецца «ў прысутнасьці і пад кантролем беларускіх службаў».
  • Увечары частка мігрантаў усё ж дабралася да польскага памежнага пераходу «Кузьніца», але там іх спынілі польскія памежнікі.
  • Паводле Памежнага камітэту Беларусі, каля мяжы цяпер знаходзяцца больш за 2 тысячы мігрантаў. Прэсавы сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер заявіў, што каля мяжы знаходзяцца 3–4 тысячы асобаў.
  • Увечары зьявілася відэа са стрэламі на мяжы. Памежны камітэт Беларусі заявіў, што стралялі з польскага боку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG