Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў сьцьвярджае, што перад працягам паўнамоцтваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну трэба «выклікаць захапленьне і шчасьце» ў грамадзян сваёй краіны, як ён выклікаў захапленьне і шчасьце, далучыўшы Крым.
«І гэтае захапленьне і шчасьце азначае аб’яднаньне зь Беларусьсю. Аднаўленьне імпэрыі. У 14-м годзе гэта быў Крым, а ў 23-24 годзе гэта будзе саюз Расеі і Беларусі, з адзіным усім, адзіным прэзыдэнтам, адзінай валютай, адзіным газавым рынкам. І гэтак далей. Уласна кажучы, усё, што ён [Пуцін] зараз робіць у адносінах да Менску, я б назваў словам „падкрадаемся“».
Венядзіктаў таксама расказаў пра крамлёўскі рэцэпт аншлюсу:
«Не расейскае насельніцтва купляць, а беларускае насельніцтва купляць. Ну, і беларускую эліту, зразумела. Кіраўніцтва войска, кіраўніцтва спэцслужбаў. Гэта значыць вось гэтыя слупы, на якія абапіраецца зараз Аляксандар Лукашэнка».