Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 лістапада пачнецца суд у справе анархістаў


Ігар Аліневіч, архіўнае фота
Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Грамадзкая ініцыятыва dissidentby паведаміла, што 15 лістапада ў Менскім абласным судзе пачнецца разгляд справы анархістаў.

Анархістаў арыштавалі неўзабаве пасьля леташніх падпалаў аўтамабіляў каля пракуратуры ў Салігорску і міліцэйскага пастарунку ў Мазыры. Гэта абвінавачаныя ў тэрарызьме Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Сяргей Раманаў і Дзьмітры Разановіч.

Паводле Валянціны Аліневіч, справа «анархістаў-партызанаў», у якой праходзіць падазраваным таксама яе сын Ігар, у кастрычніку была перададзеная ў суд.

Сьцьвярджаючы, што расьсьледаваньне справы «анархістаў-партызанаў» завершанае, маці Ігара Аліневіча спасылаецца на зьвесткі з Генэральнай пракуратуры і зь Менскага абласнога суду.

Ігара Аліневіча затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2020 году непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Актывіста вінавацяць у некалькіх тэрарыстычных актах у складзе групы, а таксама ў незаконных дзеяньнях зь небясьпечнымі і гаручымі рэчывамі. Аліневічу пагражае да 20 гадоў зьняволеньня. Валянціна Аліневіч кажа, што ня ведае дакладнага стаўленьня яе сына да абвінавачаньня, але ведае агульную пазыцыю, якая палягае ў тым, што народ мае права на паўстаньне супраць дыктатуры.

Беларускія праваабаронцы пакуль не прызналі анархіста Ігара Аліневіча палітычным зьняволеным. У «Вясьне» кажуць, што для вырашэньня гэтага пытаньня патрэбна назіраньне за судовым працэсам.

«Рыхтуе апошняе слова»

Дзьмітры Дубоўскі, архіўнае фота
Дзьмітры Дубоўскі, архіўнае фота

Паводле сястры Дзьмітрыя Дубоўскага Юліі, яе брат паведаміў у лісьце, што рыхтуецца да судовага працэсу і ўжо абдумвае тое, што скажа ў апошнім слове.

«Думаю, што дадуць брату гадоў 15, але ён спакойны, ніякай разгубленасьці не дэманструе», — расказала Юлія пра стаўленьне брата да абвінавачаньня.

Паводле сястры Дзьмітрыя Дубоўскага, яго вінавацяць паводле тых жа артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што і Ігара Аліневіча: тэрарызм, незаконныя дзеяньні зь небясьпечнымі і гаручымі рэчывамі. Плюс Юлія не выключае абвінавачаньня ў незаконным пераходзе мяжы, але дадае, што дакладных зьвестак у яе няма.

Па зьвестках сястры Дубоўскага, усім фігурантам справы «анархістаў-партызанаў» таксама зьбіраюцца выставіць па 4-5 пазоваў за нанесеную маральную шкоду.

Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Дубоўскага
Фрагмэнт ліста Дзьмітрыя Дубоўскага

«Прыйдзе час перамогі праўды і справядлівасьці»

Сяргей Раманаў
Сяргей Раманаў

Тым часам фігуранта справы «анархістаў-партызанаў», актывіста з Гомля Сяргея Раманава ўжо асудзілі на год зьняволеньня за парушэньне адбыцьця прэвэнтыўнага нагляду пасьля адбыцьця ранейшага пакараньня. Дзеля гэтага Сяргея Раманава адвезьлі з «Амэрыканкі» ў СІЗА Гомля і судзілі там за зачыненымі дзьвярыма. Паводле гомельскіх праваабаронцаў, Сяргей расказаў, як год таму міліцыянты падманам завабілі яго ў кавярню, дзе прадаваўся алькаголь, каб потым абвінаваціць у парушэньні правілаў, прадугледжаных наглядам. Вось вытрымка з апошняга слова, зь якім Сяргей Раманаў выступіў на судзе:

«У дзяржаве насамрэч няма правоў чалавека, затое карным органам дадзена права без наступстваў для сябе фальшаваць справы, біць і нават забіваць грамадзянаў. Бо ўзурпатар сказаў, што „часам можа быць не да законаў“. Гэтая фашыстоўская практыка існавала ў Беларусі не адно дзесяцігодзьдзе, але яе час набліжаецца да канца. Надыдзе час перамогі свабоды, права і справядлівасьці, і гэты працэс ужо не спыніць», — казаў Сяргей Раманаў на судзе ў Гомлі.

Першы раз Сяргей Раманаў быў затрыманы ў 2014 годзе з пакетам зь небясьпечным рэчывам і асуджаны паводле артыкулу 295.3 КК («Незаконныя дзеяньні адносна прадметаў з гаручымі рэчывамі») на 5 гадоў зьняволеньня.

Пасьля выхаду з калёніі ў ліпені 2019 году актывіст знаходзіўся пад прэвэнтыўным наглядам. У 2020 годзе Сяргей Раманаў казаў журналістам, што, на ягоную думку, улады «рыхтуюць яму новую адседку», таму незаконна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Актывіста затрымалі летась у кастрычніку каля беларуска-ўкраінскай мяжы разам з Ігарам Аліневічам, Дзьмітрыем Дубоўскім і Дзьмітрыем Разановічам. МУС паведаміў, што ў іх знайшлі дзьве адзінкі агнястрэльнай зброі з боепрыпасамі, баявую гранату, траўматычны пісталет, вайсковы рыштунак і сродкі сувязі.

Сваякі фігурантаў справы «анархістаў-партызанаў» ня ведаюць, ці зьбіраюцца прывезьці Сяргея Раманава з Гомлі зноў у Менск на судовы працэс.

Тыя, хто лістуюцца зь Дзьмітрыем Разановічам адзначаюць, што «сябра ў добрым настроі, ня падае духам і ня страчвае гумару» ды нагадваюць, што 12 лістапада ў Дзьмітрыя будзе дзень народзінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG