Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне катастрофы самалёта Ар-12 пад Іркуцкам ускладняюць умовы надвор’я

Самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі «Гродна» разьбіўся пад Іркуцкам. Фота прэс-службы Іркуцкай вобласьці Расеі
Самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі «Гродна» разьбіўся пад Іркуцкам. Фота прэс-службы Іркуцкай вобласьці Расеі

Камісіі, якая расьсьледуе прычыны крушэньня самалёта Ан-12 пад Іркуцкам, пакуль не ўдалося ідэнтыфікаваць парэшткі загінулых у катастрофе.

Пра гэта паведаміў Арцём Сікорскі, кіраўнік дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.

«Цяпер у нас няма інфармацыі, што целы ідэнтыфікаваныя. Паводле нашай інфармацыі, вядзецца адпаведная работа», — цытуе Сікорскага Інтэрфакс.

Сікорскі таксама адзначыў, што працы камісіі, якая расьсьледуе катастрофу, замінаюць складаныя ўмовы надвор’я.

«Цяпер у Іркуцку мінус 16, сьнег — і гэта абцяжарвае пошук элемэнтаў канструкцыі паветранага судна, якія адсутнічаюць», — патлумачыў ён, дадаючы, што чорныя скрыні з Ан-12, які разьбіўся пад Іркуцкам, бліжэйшым часам перададуць у Маскву. Ён не ўдакладніў, ці знайшлі ўжо тыя скрыні.

Трэцяга лістапада пад Іркуцкам у Расеі разьбіўся самалёт АН-12 авіякампаніі «Гродна», што ляцеў зь Якуцку ў Іркуцк. На борце былі 9 чалавек, усе яны загінулі. У складзе экіпажа былі трое беларусаў — штурман Андрэй Сяргееў, інжынэры Дзьмітры Гарманенка і Максім Карпук.

XS
SM
MD
LG