Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра авіякампанію «Гродна», чый самалёт разьбіўся ў Расеі


Грузавы самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі разьбіўся пад Іркуцкам 3 лістапада. На борце было, паводле ўдакладненай інфармацыі, дзевяць чальцоў экіпажу, трое зь іх — беларусы.

З прычыны гібелі беларускіх грамадзян Сьледчы камітэт Беларусі пачаў праверку па факце катастрофы пад Іркуцкам самалёта кампаніі «Гродна».

«Наша ніва» прыводзіць цытаты з артыкула выданьня «Транспартны весьнік» за 2018 год, прысьвечанага авіякампаніі «Гродна».

Авіякампанія была зарэгістраваная 6 сакавіка 2003 году. Гэта адкрытае акцыянэрнае таварыства, 100% акцыяў якога належаць дзяржаве. Кампанія мае 16 грузавых самалётаў: Ан-32, Ан-30, Ан-12 і адзінаццаць Ан-2. Самалёты працуюць па ўсім сьвеце. Акрамя грузавых перавозак, кампанія робіць аэрафатаздымкі, аглядныя палёты і трансфэрныя рэйсы ў менскі аэрапорт.

«Нашыя самалёты выконвалі палёты ў краіны Эўрапейскага Зьвязу, Грузію, Казахстан, Афганістан, Іран, Індыю. На працягу месяца Ан-12 авіякампаніі дастаўляў гуманітарныя грузы з Джыбуці ў Емэн у рамках Сусьветнай харчовай праграмы ААН», — расказваў дырэктар кампаніі Алег Качалаў.

На месцы катастрофы. Фота прэс-службы ўраду Іркуцкай вобласьці Расеі
На месцы катастрофы. Фота прэс-службы ўраду Іркуцкай вобласьці Расеі

«Транспартны весьнік» прыводзіў словы начальніка ўчастку па тэхнічным абслугоўваньні паветраных суднаў Дзьмітрыя Гарманенкі, які працаваў у авіякампаніі з 2004 году: «Для нас асноўнае — гарантаваць бясьпеку людзей, тэхнікі, грузаў. Авіяцыя памылак не даруе, таму кантроль у нас найстражэйшы. Тэхнічнае абслугоўваньне гэтых самалётаў прадпрыемства праводзіць самастойна. Навучыліся мы ў мэтах эканоміі на сваёй вытворчай базе аднаўляць і рамантаваць Ан-2. Усё, што можна зрабіць ва ўмовах прадпрыемства, стараліся выконваць самі».

Ён патлумачыў, што каля месяца-двух працягваецца абслугоўваньне самалёта, а затым працу праводзяць супрацоўнікі канструктарскага бюро Антонава, якія прыяжджаюць у Горадню з Кіева. «Пры правядзеньні ўсіх работ абавязковы двухузроўневы кантроль. Якасьць работ гарантаваная, прадпрыемства сэртыфікаванае паводле стандарту ISO», — падкрэсьліваў Гарманенка.

Інжынэр Дзьмітры Гарманенка — адзін з загінулых у катастрофе пад Іркуцкам, дзе разьбіўся АН-12 горадзенскай кампаніі.

Пасьля катастрофы АН-12 пад Іркуцкам дырэктар беларускага дэпартамэнту авіяцыі Арцём Сікорскі заявіў, як перадае БЕЛТА, што дэпартамэнтам авіяцыі прынятае рашэньне да заканчэньня расьсьледаваньня прыпыніць камэрцыйную эксплюатацыю самалётаў АН-12 у беларускай авіяцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG