Суд Савецкага раёну Гомля пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненьні да 35-гадовага Юры Прахарэнкі яшчэ 29 верасьня. Аднак па ходу працэсу зьмяніўся судзьдзя, таму судовае сьледзтва пачалося наноў.
29 кастрычніка прайшлі спрэчкі бакоў, паведамляе сайт Naviny.by. Юрыя Прахарэнку абвінавачваюць у «абразе судзьдзі», «абразе прадстаўнікоў улады» і «абразе прэзыдэнта». Так сьледзтва расцаніла камэнтары, якія той пакідаў у тэлеграм-каналах. У справе праходзяць 23 пацярпелыя.
Экспэрты вызначылі, што пасьля затрыманьня і арышту мужчына нібыта займеў «псыхічны разлад». Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА. Пракурор папрасіў суд накіраваць Юрыя Прахарэнку на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.
Бацька палітвязьня Сяргей Прахарэнка, які прадстаўляе інтарэсы сына ў судзе, патлумачыў, што раней той не скардзіўся ні на якія захворваньні, а за час арышту схуднеў больш чым на 35 кіляграмаў.
Затрымалі Юрыя Прахарэнку ў жніўні на прагулцы па вуліцы ў Гомлі, даставілі ў РАУС і там моцна пабілі. Як сьцьвярджае бацька, ягоны сын не супраціўляўся, нікога не абражаў, у пратэстах ня ўдзельнічаў.
Сям’я абскардзіла затрыманьне і пабоі, але атрымала зь ведамства адказы, што вінаватых не знайшлі, дый ніхто ня мог яго пабіць у міліцыі. Пасьля гэтага Юры Прахарэнка напісаў камэнтары, за якія яго цяпер судзяць.
Прысуд у працэсе абвесьцяць 1 лістапада.