Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня будзе Лукашэнкі — Беларусь загіне». Чаму некаторыя ў гэта шчыра вераць?


Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў памежную заставу «Дзівін», 2018 год.
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў памежную заставу «Дзівін», 2018 год.

Апошнім часам у сваіх публічных выступах Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей спрабуе патлумачыць, чаму ён павінен застацца. І заўсёды ў якасьці доказу фігуруе адзін аргумэнт: інакш Беларусь загіне. Але чаму яна павінна загінуць? На гэта пэўнага адказу ніколі не гучыць.

Сьцісла:

  • Аляксандар Лукашэнка ўсё часьцей спрабуе пераканаць грамадзтва, што без яго Беларусь зьнішчаць, але хто і чаму зьнішчыць — ня кажа.
  • Рэальная пагроза вайны — ці не адзіны аргумэнт, які можа пераканаць грамадзтва, што ажыцьцяўляць зьмены небясьпечна.
  • Беларуска-польскае памежжа ў бліжэйшы час можа стаць адным з самых мілітарызаваных (а таму і выбухованебясьпечных) рэгіёнаў сучаснай Эўропы.

Пытаньні, якія сёньня задае большасьць беларускага грамадзтва: «Чаму нельга правесьці сумленныя выбары? Дзеля чаго так трымацца за ўладу, калі відавочна, што пасьля 27 гадоў аднаасобнага кіраваньня народ прагне пераменаў? Калі нарэшце ў паўсядзённае жыцьцё вернуцца спакой і згода, навошта нам сварка з усім цывілізаваным сьветам?»

Адкрыта задаваць гэтыя пытаньні Лукашэнку ў сёньняшніх беларускіх умовах ніхто не адважыцца, але тое, што яны лунаюць у грамадзкай атмасфэры, відавочна, напэўна, і самой уладзе. Невыпадкова Лукашэнка раз-пораз дае тлумачэньні на гэты конт, хоць у яго пра гэта нібыта ніхто не пытаецца:

26 кастрычніка:

«Калі мы гэты пэрыяд не перажывём, ня выстаім, мы ня будзем дзяржавай. Нашы дні будуць палічаныя. Таму што я ўжо казаў: буйныя дзяржавы спрабуюць падзяліць сьвет паміж сабой. А як падзяліць? Нахіліць, раздушыць, выцерці ногі. А нам трэба выстаяць».

22 кастрычніка:

«Яшчэ раз папярэджваю: дамовіліся, прынята рашэньне — выконвайце. Гэта сёньня галоўнае. Гэта пытаньне нашай выжывальнасьці. Інакш нас проста як у жорнах ператруць. Калі не зьядуць, то выплюнуць».

28 верасьня:

«Мы пасьля мінулага году разумеем, што іх дапусьціць да ўлады нельга. Таму што ня толькі нас ліквідуюць. Ладна б нас... Зьнішчаць краіну!»

Ці трэба гэта разумець такім чынам, што без Лукашэнкі незалежная Беларусь адразу загіне? Чаму ў такім разе не загінулі, пазбавіўшыся ад аўтарытарных рэжымаў, Літва, Латвія, Польшча (ды ўвогуле ўсе краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы)? Якім чынам іх «нахілілі, раздушылі, выцерлі ногі» ці «проста ў жорнах перацерлі»? Тым, што дапамаглі, уліўшы сотні мільярдаў эўра інвэстыцый, стварыць сучасную інфраструктуру, адкрылі перад іхнымі грамадзянамі свае межы, прынялі ў супольнасьць дэмакратычных дзяржаў, дзе кіруе закон, а не прыхамаць аўтакрата ці алігархічнай хунты? Нават ахопленая вайной Украіна, зь вялізнымі ахвярамі вырваўшыся з імпэрскіх абдымкаў і скінуўшы аўтарытарны рэжым, паступова становіцца на ногі і зусім не зьбіраецца вяртацца да ранейшай мадэлі аўтарытарызму і васальнай залежнасьці ад Масквы.

Ці ён пад зьнішчэньнем краіны мае на ўвазе тое, што безь яго зламысны Захад адразу пацягне Беларусь у Эўразьвяз? Прымусіць кожныя пяць гадоў мяняць прэзыдэнта? Пачне дыктаваць сваю волю з Брусэля і Вашынгтона? І дазволіць на вуліцах беларускіх гарадоў маршы геяў і лесьбіянак?

За Бугам — бразгат гусеніц «Леапардаў»

Такімі «жахамі» беларускага грамадзяніна, які ў сваёй бальшыні добра інфармаваныя пра жыцьцё-быцьцё ў заходніх суседзяў, наўрад ці напалохаеш. Іншая справа — пагроза сапраўднай вайны. Ці не таму згадка пра танкі, якія «бразгаюць гусеніцамі ля самай заходняй граніцы», пастаянна гучыць, як толькі заходзіць размова пра тое, чаму ў Беларусі нельга нічога мяняць. Вось і 26 кастрычніка ў Лідзе Аляксандар Лукашэнка нагадаў пра танкі NATO:

«Учора ўжо „Леапарды“ падкінулі да нашай мяжы, танкі. Нягоднікі скрайнія. Баюся, каб яны вайнушку не распачалі тут». Пра «Леапардаў» ён згадаў і 28 кастрычніка, сустракаючыся з расейскім генпракурорам: «А ў нас ёсьць што таксама прасунуць бліжэй да мяжы. У нас, а тым больш у Расейскай Фэдэрацыі. Тут мы будзем дзейнічаць жорстка, ня гледзячы ні на якую крытыку зь іхнага боку.»

Магчыма, ён сапраўды верыць у тое, што заўтра гэтыя «Леапарды», пераплыўшы праз Буг, папаўзуць «клінам» на Баранавічы і Ліду? Што Польшча, зьвязаная сотнямі дамоваў з NATO і Эўразьвязам, якая даўно прызнала непарушнасьць пасьляваенных межаў і ніводным сваім крокам не дазваляла ўсумніцца ў гэтым прызнаньні, наважыцца раптам атакаваць Беларусь і паставіць сябе пад ваенную атаку з боку Расеі (а гэта, па сутнасьці, азначала б пачатак сусьветнай вайны)? У сёньняшняй Эўропе пра гэта нават думаць баяцца.

Толькі адна краіна на эўрапейскім кантынэнце ў ХХІ стагодзьдзі парушыла дамовы аб недатыкальнасьці пасьляваенных межаў, анэксавала чужую тэрыторыю і дагэтуль вядзе вайну на чужой зямлі. Можа, ён толькі гаворыць: «Захад», а мае на ўвазе «Усход»? Можа, чагосьці недагаворвае, кожны раз шматзначна намякаючы: «Мы выстаім, калі вы будзеце слухаць і чуць, што я вам кажу».

А Польшча, сапраўды, устрывожаная тым, што адбываецца за яе ўсходняй мяжой. І «Леапарды» ля Буга — гэта не эпітэт і не гіпэрбала. Літаральна на гэтым тыдні Варшава абвесьціла пра плян рэзкага падвышэньня абароннага бюджэту. Мяркуецца, што ўзброеныя сілы краіны ўзрастуць зь цяперашніх 110 тысяч да 250 тысяч вайскоўцаў. Прычым армія павінна застацца прафэсійнай, без абавязковага прызыву. Калі гэта адбудзецца, польскія ўзброеныя сілы ў колькасьці «штыкоў» стануць трэцімі па велічыні ў NATO, пасьля ЗША і Турэччыны. Польшча пасуне свае войскі бліжэй да Беластоку і Сувалак, Лукашэнка свае — да Горадні і Берасьця. Беларуска-польскае памежжа неўзабаве, відавочна, стане адным з самых мілітарызаваных (а таму і выбухованебясьпечных) рэгіёнаў сучаснай Эўропы.

Лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Ярослаў Качыньскі, калі яго папракнулі тым, што для бюджэту дзяржавы гэта можа стаць непасільнай ношай, нагадаў пра разьдзелы Рэчы Паспалітай канца ХVIII стагодзьдзя, калі краіна, ня маючы ўласнай баяздольнай арміі, стала ахвярай агрэсіўных суседзяў і ў выніку на 123 гады зьнікла з палітычнай мапы сьвету. Генэтычная памяць пра тую драму дагэтуль жыве ў польскім народзе: з гэтым аргумэнтам ніхто не спрачаецца.

А для незьмяняльнага беларускага лідэра абрысы «Леапардаў» за Бугам — аргумэнт на карысьць таго, што ён павінен застацца. Ня кідаць жа краіну, якой пагражае вайна.

Вялікая загадка падсьвядомасьці

Рацыянальнага тлумачэньня шматкроць паўтораным сьцьвярджэньням пра тое, чаму Беларусь павінна загінуць без Лукашэнкі, не існуе. Гэта вялікая загадка, адказ на якую хаваецца ў чыёйсьці падсьвядомасьці. Памятаеце, у выдатным савецкім фільме Міхаіла Казакова «Пакроўскія вароты» інтэлігент Леў Хобатаў, якога былая жонка, нават выйшаўшы замуж за іншага, успрымае як сваю ўласнасьць, спрабуе дапытацца ў яе новага мужа: " Патлумач, навошта табе трэба, каб я ў вас жыў? Табе што за радасьць?" І чуе ў адказ: «Што рабіць — ты ж бяз нас прападзеш». А лягічнае пытаньне «Чаму ты ўбіў сабе ў галаву, што я бяз вас прападу?» застаецца без адказу.

«Гэта мой крыж, і несьці яго мне!» — патасна прамаўляе валявая Маргарыта Паўлаўна на любую спробу вызваліцца з-пад ейнай апекі.

«Косьцік, патлумачце мне чаго яна хоча?» — асуджана зьвяртаецца да маладога героя Алега Меншыкава няшчасны Хобатаў-Равіковіч. І чуе ў адказ: «Вас. Вы ёй патрэбны. Гэта ў яе ў падсьвядомасьці. Разумееце, менавіта так праяўляецца яе патрэба ў сусьветнай гармоніі». «Але ж гэта немагчыма!» — «Ну хто ведае...»

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG