Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбавілі ліцэнзіі Яўгена Пыльчанку, апошняга адваката Віктара Бабарыкі


Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў, застаўся без апошняга абаронцы.

28 кастрычніка ўвечары адбылося паседжаньне дысцыплінарнай камісіі Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, на якім разглядалася справа Яўгена Пыльчанкі, апошняга абаронцы Віктара Бабарыкі.

Камісія прыняла рашэньне выключыць з адвакатуры Пыльчанку-малодшага — за сыстэматычныя парушэньні заканадаўства аб адвакатуры.

Раней, 19 кастрычніка, паводле загаду міністра юстыцыі ў дачыненьні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасьць, і яго адхілілі ад працы.

У чацьвер на паседжаньне зьявіліся 7 чальцоў камісіі, старшыняваў Аляксандар Пятровіч. Паседжаньне доўжылася паўтары гадзіны. Як галасавалі, невядома, бо рабілася гэта ў адмысловым пакоі для нарадаў, у адсутнасьць Пыльчанкі, расказаў Яўген.

«Камісія вынесла даволі вялікую пастанову на 7 альбо 8 аркушах — яны не пранумараваныя. Асноўных прэтэнзій дзьве.

Першая — нібыта я ў рэпліках падчас судовых спрэчак па справе Віктара Бабарыкі даў ацэнку выступленьням іншых адвакатаў. То бок, за тое самае, за што выключылі Дзьмітрыя Лаеўскага.

А другое — за тое, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Сьвятлану Купрэеву, сяброўку ягонай сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў: КДБ даслаў ліст, што ёсьць канфлікт інтарэсаў — без абгрунтаваньняў і прадастаўленьня дакумэнтаў. Насамрэч ніякага канфлікту інтарэсаў там няма. Ні сьледзтва, ні суд цягам 1,5 года ніякіх мне прэтэнзій не выказваў. І няма ніякіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі, што канфлікт інтарэсаў ёсьць. Дысцыплінарная камісія паверыла КДБ, а ня мне. І вырашыла, што я парушыў прафэсійную этыку», — распавёў Яўген Пыльчанка.

Адвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 году, з 2018 — у адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнэры».

Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку сям’і Бабарыкаў Сьвятлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.

Цяпер у Віктара Бабарыкі няма ніводнага з шасьцярых адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ільля Салей зьехаў зь Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзьмітрыя Лаеўскага — у ліпені 2021 году, Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.

Паводле не пацьверджанай афіцыйна інфармацыі з дасьведчанай крыніцы, страціў адну са сваіх адвакатак і сын Віктара Бабарыкі Эдуард, якога ўжо амаль паўтара года трымаюць у так званай «амэрыканцы» — СІЗА КДБ. Абаронца Эдуарда 28 кастрычніка была выклікана ў Міністэрства юстыцыі на пазачарговую атэстацыю, якой нібыта не прайшла. У Бабарыкі-малодшага засталася яшчэ адна адвакатка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG