Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Хітрык запісала першы альбом пасьля эміграцыі зь Беларусі ў 2017 годзе


«Ань Хитрик band», музычны праект Ганны Хітрык
«Ань Хитрик band», музычны праект Ганны Хітрык

Сьпявачка і акторка Ганна Хітрык прэзэнтавала новы альбом. Гэта адбылося праз 4 гады пасьля эміграцыі артысткі ў Ізраіль. Папярэдні альбом быў запісаны яшчэ ў Беларусі.

У 2017 годзе Ганна Хітрык пераехала ў Ізраіль. Чатыры гады яна не выступала на сцэне. Аднак у кастрычніку 2021 году калектыў «Ань Хитрик band» прадставіў у Тэль-Авіве альбом «Цень», пішуць Naviny.by.

Альбом даступны на сайце гурту, а неўзабаве зьявіцца на розных музычных плятформах. Прэзэнтацыі адбудуцца таксама ў Хайфе і Раанане.

Аб прэзэнтацыі альбома Хітрык сказала, што ў Тэль-Авіве было шмат ахвотнікаў трапіць на канцэрт, але ня ўсе здолелі.

«У нас уведзены зялёныя пашпарты, і ўваход у клюб быў дазволены толькі тым, хто атрымаў тры вакцыны. Так што нехта ня трапіў на канцэрт, бо разумеў, што ня здолее прайсьці. Нехта прыйшоў, а яго не прапусьцілі. Адна дзяўчына мне напісала, што не змагла ўвайсьці і ўвесь канцэрт праседзела за дзьвярыма, слухаючы нас. Гэта вельмі кранальна».

Былая акторка Купалаўскага тэатру, удзельніца гуртоў «Дзецідзяцей», S°unduk сказала, што ёсьць яе першай асацыяцыяй пры згадцы Беларусі.

«Гэта жахліва, што першай асацыяцыяй зьяўляюцца ня родныя асобы, дом, сцэна Купалаўскага. Я бачу боль, кроў, зьнішчэньне. У мяне адчуваньне, што гэта ня гвалт, гэта зьнішчэньне. Гэта страшна, бо беспакарана», — кажа Ганна.

Хітрык адзначыла, што калі яе пытаюцца пра Беларусь, то першая карцінка, якая ўсплывае перад вачыма — забітыя, пакалечаныя, пабітыя. Яна цалкам падтрымлівае рашэньне вядучых актораў Купалаўскага пайсьці з тэатру ў жніўні 2020 году.

«Думаю, я б была ў першых шэрагах тых, хто сышоў з Купалаўскага тэатру. У той момант іграць што б там ні было на сцэне азначала скакаць на касьцях. Гэта антычалавечна — рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі людзей зьнішчаюць, б'юць. Я лічу, што тое, што засталося цяпер ад Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы — гэта будынак, які чакае сваіх актораў. Яны вернуцца туды абавязкова, я ў гэтым упэўнена. Пакуль я ўспрымаю тое, што адбываецца там, так: у памяшканьне прыйшлі нейкія людзі і граюць у тэатар».

Нават з улікам пастаяннай вайсковай пагрозы ў Ізраілі артыстка адзначае, што становішча там больш бясьпечнае, чым на радзіме.

«Я жыву ў Ізраілі, які знаходзіцца ў пэрманэнтным стане вайны. Мы сядзелі ў бамбасховішчах, многія людзі загінулі. І ў такой сытуацыі ты разумееш, што знаходзішся тут у большай бясьпецы, чым у Беларусі».

Беларусь Хітрык пакінула таму, што ў ейнага сына аўтызм. У Ізраілі да яго знайшлі адмысловы падыход, і яму значна лягчэй. У Беларусь сям’я вернецца толькі тады, калі адчуе, што Сьцяпану там будзе лепей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG