Міграцыйны крызіс: у Польшчу зь Беларусі за дзень спрабавалі нелегальна трапіць 582 асобы, у Літву —120

У панядзелак польскія памежнікі зафіксавалі 582 спробы пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. 9 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі.

У кастрычніку было ўжо каля 14 тысяч такіх спробаў.

З 26 кастрычніка ў Польшчы набыў моц закон, паводле якога мігранты, якія трапілі ў Польшчу па-за пунктамі пропуску, будуць высылацца з краіны з забаронай уезду ў Шэнгенскую зону тэрмінам да трох гадоў. Калі ж мігрант зламае агароджу ці іншую памежную інфраструктуру, то можа трапіць у турму тэрмінам да 5 гадоў.

У Нямеччыне толькі за кастрычнік затрымалі 4246 мігрантаў, якія прыйшлі «беларускім маршрутам» цераз Польшчу. За год такіх мігрантаў было 6657, паведаміла 25 кастрычніка нямецкая паліцыя.

У Літве на мінулыя содні памежнікі не прапусьцілі 120 мігрантаў. Шасьцёх мігрантаў затрымалі ўжо ў Вільні. Яны прыехалі цягніком з Аранаў (Varėna), мястэчка на поўдні краіны, што блізка да мяжы з Воранаўскім і Шчучынскім раёнамі Беларусі, паведаміў Delfi. Літоўскія памежнікі адзначылі, што ў кастрычніку плынь нелегальных мігрантаў падвоілася. З 1 да 25 кастрычніка не прапусьцілі 1739 чалавек, а ў верасьні — 981. У літоўскіх міграцыйных цэнтрах цяпер жыве амаль 4200 мігрантаў, большасьць зь іх — іракцы.

У Латвіі 25 кастрычніка прадухілілі 27 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі зь Беларусі. З пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні латвійскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну 1930 парушальнікаў мяжы зь Беларусі. 50 уцекачоў затрымалі.

​
XS
SM
MD
LG