Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі абаронцаў Курапатаў, вынесьлі новы вырак дзяўчыне, затрыманай падчас суду ў «справе студэнтаў»


Суд Фрунзэнскага раёну Менску, архіўнае фота.
Суд Фрунзэнскага раёну Менску, архіўнае фота.

Сілавыя і карныя органы Беларусі не спыняюць перасьлед грамадзян за іх пазыцыю. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій

Зь невядомай прычыны затрымалі абаронцаў Курапатаў

Пра затрыманьне актывістаў Алеся і Марыны Сакалухаў паведаміў краязнаўца Кастусь Шыталь.

Відавочцай здарэньня аказалася суседка па кватэры, якую наймаюць сужэнцы.

Жанчына расказала, што сілавікі прыйшлі зь ператрусам, пасьля чаго абаіх забралі на допыт.

Больш падрабязнай інфармацыі пакуль няма.

Алесь і Марына Сакалухі ўдзельнічалі ў Курапацкай варце, інфармуючы наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим» пра шматлікіх ахвяр сталінскага рэжыму, пахаваных побач з забаўляльнай установай.

Соф’ю Маргунову другі раз запар пакаралі суткамі

20-гадовую Соф’ю Маргунову затрымалі 5 кастрычніка пасьля спробы трапіць на разгляд апэляцыйнай скаргі ў «справе студэнтаў» у Менгарсудзе. На суд яе не пусьцілі, а празь некаторы час Соф’я перастала выходзіць на сувязь.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», на наступны дзень судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Марыя Ярохіна арыштавала дзяўчыну паводле арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.

21 кастрычніка Маргунова мусіла выйсьці на волю, аднак гэтага не адбылося — на яе склалі новы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Чарговую адміністрацыйную справу разгледзела судзьдзя Тацяна Палулех. Соф'ю абвінавацілі ў тым, што падчас «прафіляктычнай гутаркі» ў машыне па дарозе ў Фрунзэнскі РУУС «паводзіла сябе агрэсіўна, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала, выбіла тэчку з дакумэнтамі». Згодна з паказаньнямі міліцыянта, дзяўчыну сустрэлі раніцай на выхадзе зь ЦІП, каб правесьці гутарку наконт несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Сваю віну дзяўчына адмаўляе. Па яе словах, з моманту, калі яе павінны былі вызваліць пасьля арышту, і да 20:00 яна знаходзілася на Акрэсьціна, таму фізычна не магла «хуліганіць» раніцай у машыне. Гэта маглі пацьвердзіць відэакамэры, але судзьдзя адхіліла хадайніцтва. Акрамя гэтага, Соф'я паведаміла, што ў РУУСе ў пратаколе апытаньня яна прызнала віну, бо ёй «сказалі так напісаць». У выніку Маргунову зноў пакаралі 15-дзённым арыштам. Усяго Маргунова правядзе на Акрэсьціна 30 сутак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG