Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: новыя затрыманьні ў Менску і Магілёве

абноўлена

Міліцэйскі аўтамабіль каля Акрэсьціна, архіўнае фота
Міліцэйскі аўтамабіль каля Акрэсьціна, архіўнае фота

У Беларусі ўсё больш выпадкаў, калі людзі, адпраўленыя па «палітычных» артыкулах пад адміністрацыйны арышт, затым не выходзяць на волю.

Актывіста руху «За свабоду» арыштавалі на 7 сутак за рэпост зь «Белсату»

20 кастрычніка ў судзе Полацкага раёну прайшоў суд над актывістам руху «За свабоду» Аляксеем Панамаровым. Пратакол на яго склалі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць), піша «Вясна назірае». Згодна с пратаколам, Аляксей на сваёй старонцы «ЎКантакце» зрабіў рэпост са старонкі тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Суд прызнаў Панамарова вінаватым і пакараў яго 7 суткамі арышту.

У Крычаве на выхадзе з суду зноў затрымалі журналіста Сяргея Няроўнага

20 кастрычніка павінен быў працягнуцца судовы працэс «за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у дачыненьні да журналіста з Крычава Сяргея Няроўнага: яму пагражае арышт за тое, што ён паставіў лайк старонцы Tut.by у Фэйсбуку, паведамляе MayDay. Яго павінны былі асудзіць яшчэ 18 кастрычніка, але судзьдзя суду Крычаўскага раёну Азаранка зрабіў перапынак.

20 кастрычніка судзьдзя пастанавіў адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку — міліцыянты зрабілі ў пратаколах шматлікія памылкі. Аднак калі журналіст выходзіў з суду, яго затрымалі ўжо па новай адміністрацыйнай справе і адправілі ў ІЧУ да суду.

У Берасьці ціктокеру, які абяцаў закрыць канал з прычыны ціску на бацькоў, далі штраф за экстрэмізм

Папулярны берасьцейскі TikTok-блогер атрымаў штраф за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (па ч.2 арт. 19.11 КаАП), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Паводле ведамства, на сваёй старонцы, на якую падпісана за 110 тысяч карыстальнікаў, ён распаўсюдзіў матэрыялы з тэлеграм-канала, інфармацыйная прадукцыя якога прызнаная экстрэмісцкай. Таксама блогера выклікалі ў пракуратуру, дзе абвясьцілі яму папярэджаньне пра адказнасьць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Паводле інфармацыі Zerkalo.io, гаворка ідзе пра Аляксандра «Тэрнэра», які амаль два тыдні таму запісаў відэа пра тое, што закрывае свой канал з прычыны ціску на бацькоў.

«Мяне ціснуць з усіх бакоў. Я хачу зьвярнуцца асабіста да Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і да майго ўнівэрсытэту БрДТУ. Прыношу свае прабачэньні. Перастаньце ціснуць на маіх бацькоў. Іх звольнілі з працы. Мяне могуць пасадзіць у турму. Калі будзе прасьцей, каб я ня вёў гэты канал, добра. Я стараўся быць максымальна ў законе, але вам усё не падабалася. Вярніце, калі ласка, маіх бацькоў на працу. Я вас вельмі прашу. Ну, і на гэтым усё», –— сказаў блогер у відэа.

Магілёўца асудзілі на 10 содняў арышту за адзіночны пікет

Жыхар Магілёва Кірыл Чарняўскі выйшаў 13 кастрычніка ў цэнтар гораду, да гандлёвага цэнтру «Атрыюм», з плякатам «Хопіць баяцца!» — хутка да яго падышлі людзі ў цывільным і зьвезьлі. Паводле інфармацыі @MAYDAY, яму інкрымінавалі ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і прысудзілі 10 сутак арышту.

20-гадовую дзяўчыну ня выпусьцілі на волю пасьля арышту

На волю пасьля 15-суткавага арышту ня выйшла 20-гадовая Сафія Маргунова, піша «Вясна». Дзяўчыну затрымалі пасьля спробы трапіць на разгляд апэляцыйнай скаргі па «справе студэнтаў» у Менскім гарадзкім судзе. На Сафію склалі пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак, якія яна адбывала ў ЦІП на Акрэсьціна.

20 кастрычніка «суткі» скончыліся, але Маргунову перазатрымалі і склалі на яе новы пратакол. Над дзяўчынай чакаецца новы суд.

Мужчыну забралі з працы ў Магілёве

У Магілёве затрыманы Дзьмітры Тоўсьцік — яго забралі проста з працы. Як мяркуецца, затрыманьне праводзіў ГУБАЗіК. Прычына затрыманьня невядомая.

Больш за 53 500 рублёў спаганяюць зь мянчанкі за «блякаваньне дарог»

Спагнаньне будзе за два нядзельныя маршы ў жніўні і верасьні 2020 году, за якія ў ліпені асудзілі Анастасію Тарэлку і палітвязьня Мікалая Шэметава за арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак падчас нядзельных маршаў у жніўні і верасьні 2020 году. Тарэлку асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі», а Шэметава адправілі на 2 гады калёніі, пішуць праваабаронцы.

20 кастрычніка ў Маскоўскім раённым судзе Менску судзьдзя Вольга Красоўская задаволіла пазоў «Менсктрансу» і пастанавіла спагнаць з Анастасіі 53 555 рублёў 72 капейкі. Таксама Тарэлка павінна сплаціць дзяржпошліну ў памеры 2677 рублёў 78 капеек.

Затрыманьні і ператрусы на Гомельшчыне

Сёньня ў Гомлі на працы затрымалі 33-гадовага жыхара Веткі Кірыла Пятрэнку. Па месцы жыхарства зладзілі вобшук. Дзе ён цяпер і за што яго затрымалі, невядома, паведамляе «Вясна».

Пэнсіянэрка з Рэчыцы Людміла Хлусевіч, якую раней асудзілі на 2 гады «хіміі» за камэнтары ў «Одноклассниках», паведаміла, што ёй патэлефанаваў мужчына і прадставіўся сьледчым Рэчыцкага АУСу. Ён сказаў, што правядзе ў яе ў 16:00 вобшук, і папрасіў (прапанаваў) знайсьці двух панятых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG