Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне 96-гадовую жанчыну судзяць за злачынствы ў часы нацызму


Ірмгард Фюрхнэр у судзе 19 кастрычніка 2021 г.
Ірмгард Фюрхнэр у судзе 19 кастрычніка 2021 г.

Перад судом паўстала 96-гадовая немка Ірмгард Фюрхнэр.

Яе абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве больш як 11 тысяч чалавек у нацысцкім канцлягеры Штутгаф падчас Другой сусьветнай вайны, паведамляе BBC.

На першае судовае паседжаньне, якое павінна было адбыцца 27 верасьня, Фюрхнэр не прыйшла. Яна выйшла з дому састарэлых, села ў таксі і зьехала ў невядомым кірунку. Пасяджэньне пачалося безь яе, суд выдаў ордэр на арышт, праз чатыры гадзіны Фюрхнэр затрымалі. Цяпер яна афіцыйна лічыцца асобай, якая хаваецца ад правасудзьдзя.

Сем’і ахвяраў Галакосту абурыліся спробай уцёкаў. «Яна дэманструе неверагодную пагарду да вяршэнства закону і да тых, хто выжыў», — заявілі ў Міжнародным камітэце памяці ахвяр Асьвенціму.

Ірмгард Фюрхнэр — першая за шмат гадоў жанчына, якая паўстала перад судом па такім абвінавачаньні. У 1943–45 гадах Фюрхнэр працавала ў лягеры Штутгаф, які знаходзіўся на акупаванай нацыстамі тэрыторыі, непадалёк ад Гданьску ў сучаснай Польшчы. Тады ёй было 18–19 гадоў.

У Фюрхнэр не было вайсковага званьня, у лягеры яна працавала машыністкай і выконвала абавязкі асабістай сакратаркі начальніка лягеру Пола-Вэрнэра Хопэ. Бок абвінавачваньня настойвае: яе дзейнасьць спрыяла сыстэматычнаму забойству зьняволеных, бо Фюрхнэр пэўна бачыла сьпісы вязьняў і справаздачы аб расправах над імі.

Адвакаты былой машыністкі гэта адмаўляюць, заяўляючы, што яна ня ведала, што адбываецца за межамі камэндатуры. Падчас працэсу 1954 году, на якім Фюрхнэр была сьведкай, яна казала, што Хопэ асабіста дыктаваў ёй розныя дырэктывы і загады, але яна нічога ня ведала аб прызначэньні лягеру.

  • У лягеры Штутгаф знаходзіліся агулам прыкладна 100 тысяч зьняволеных (габрэі, палякі, савецкія ваеннапалонныя), больш за 65 тысяч зь іх загінулі.
  • На тэрыторыі лягеру былі газавыя камэры, праводзіліся мэдычныя досьледы над людзьмі. У канцы вайны, падчас так званых маршаў сьмерці, многія зьняволеныя былі забітыя.
  • Працэс над Фюрхнэр можа стаць апошняй справай супраць нацысцкіх злачынцаў — у жывых засталіся адзінкі. У сакавіку 2021 году працэс над ахоўнікам лягеру Штутгаф так і ня быў скончаны празь цяжкі стан здароўя абвінавачанага. У 2020 годзе іншы былы ахоўнік таго ж лягеру — 93-гадовы Бруна Дэй — быў прызнаны вінаватым у саўдзеле ў забойстве пяці тысяч чалавек і асуджаны на ўмоўнае турэмнае зьняволеньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG