Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія спэцслужбы сачылі за інфарматарам Gulagu.net і на тэрыторыі Беларусі


Сяргей Савельеў
Сяргей Савельеў

Былы зьняволены расейскай турмы, грамадзянін Беларусі Сяргей Савельеў, які апублікаваў відэазапіс катаваньняў і гвалту ў расейскай турме і папрасіў палітычнага прытулку ў Францыі, даў інтэрвію ВВС.

З інтэрвію вынікае, што расейскія спэцслужбы сачылі за Савельевым і тады, калі ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі — праслухоўвалі тэлефонныя размовы і чыталі перапіску ў мэсэнджары.

Расейскія спэцслужбы, паводле кіраўніка праекту Gulagu.net Уладзімера Асечкіна, вылічылі Савельева як інфарматара праекту.

24 верасьня Савельева некалькі гадзін дапытвалі ў аэрапорце Пулкава наконт перасылкі відэа з катаваньнямі ў расейскіх турмах. У Санкт-Пецярбургу ў Савельева была перасадка на рэйс у іншы расейскі горад. Вось фрагмэнт зь вялікага інтэрвію Савельева ВВС.

С.С.: Я вырашыў зьлётаць у Новасібірск да сяброў. [Па дарозе] зь Менску ў Новасібірск у мяне была перасадка ў Пулкаве. Прыляцеў у Пулкава і пайшоў да стойкі рэгістрацыі на наступны рэйс даведацца, калі пачнецца рэгістрацыя. Дзяўчына ўдакладніла маё прозьвішча і папрасіла крыху пачакаць. Тут я адразу зразумеў, што нешта тут ня так. Ну, а куды дзявацца?

Празь некалькі хвілін падышоў адзін мужчына ў цывільным, зь ім двое паліцэйскіх, мясцовых, з аэрапорту. Кажа: «Сяргей Уладзіміравіч?» — «Так». — «Куды леціце? Што везяце?» Адразу ж падышлі яшчэ пара чалавек у цывільным. Іх кожныя пяць хвілін станавілася больш і больш, набегла каля дзясятка агульным лікам. Ніхто не паказваў ніякіх пасьведчаньняў, ніхто не прадстаўляўся. Дый не было неабходнасьці — выдатна ўяўляў ужо, хто гэта такія.

Пачалі з простага — яны проста капітальна агледзелі мае рэчы. Я разумеў, што яны шукаюць — напэўна, нейкія носьбіты інфармацыі, флэшкі, можа, ноўтбук. Нічога гэтага я ня браў — я ехаў у госьці.

Яны зразумелі, што нічога гэтага ў мяне з сабою няма, і адвялі ў асобнае памяшканьне, дзе пачалі весьці допыт.

Яны адразу выклалі свае карты: «Там (у Беларусі. — РС) твой тэлефон праслухоўвалі, мэсэнджар чыталі, зь якой пошты ты там усё гэта адпраўляў, мы ў курсе. І пра ўсё тваё супрацоўніцтва з [заснавальнікам Gulagu.net] Асечкіным апошнія паўгода мы ведаем».

І пачалі задаваць пытаньні з мэтай дыскрэдытацыі праваабарончага праекту Gulagu.net...

ВВС: Я ведаю, што яны табе выбар нейкі прапанавалі, нейкія варыянты.

С.С.: Так. Яны мяне адразу паставілі перад фактам — табе, маўляў, сядзець у любым выпадку цяпер. За тое, што ты рабіў, ты сядзеш. І з улікам таго, што ты рабіў — ты распаўсюдзіў кампрамат пра Фэдэральную службу выканананьня пакараньняў, цябе там заб’юць. Або са шконкі ўпадзеш з другога ярусу, або ў камэры павесісься. Знойдуць цябе павешаным. Перад гэтым ты ўсё нам раскажаш, а калі ўжо будзе ня трэба, то... То бок гэтая пагроза цалкам рэальная, такое вельмі часта адбываецца насамрэч.

І далей пайшоў допыт разам з усімі гэтымі пытаньнямі нязручнымі. А пасьля гэтага, ужо ў канцы, кажуць: ну вось глядзі, зараз, калі ты падпісваеш на супрацоўніцтва з намі, то мы прыцягнем цябе па артыкуле «разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы». Там да чатырох гадоў за ўсё. Калі не, калі пачнеш хавацца ад сьледзтва ці нешта яшчэ, то гэта будзе ўжо шпіянаж, таму што ты грамадзянін іншай дзяржавы і ў замежную праваабарончую арганізацыю перадаваў зьвесткі пра Расейскую Фэдэрацыю. Там ад 10 да 20 гадоў, і ты, кажа, не схаваесься ў нас нідзе — ні ў Беларусі, ні ва Ўкраіне, нідзе ў СНД. Мы цябе ўсюды знойдзем. І вось тут мне стала цікава, а выбар — ён дзе, які выбар? Гэта значыць, вы мне адразу сказалі, што пасадзіце, а мяне ў турме забʼюць. Зараз вы мне прапануеце сесьці на чатыры гады, і мяне забʼюць, ці сесьці на 20 гадоў — і мяне забʼюць. А што тут выбіраць? Можа, больш гуманна адразу прыстрэліць?

ВВС: Як яны цябе адпусьцілі?

С.С.: Ну першапачаткова было абумоўлена — мы цябе дапытваем як сьведку пакуль. То бок у іх прамых доказаў ніякіх пакуль не было. То бок вось менавіта толькі гэтыя вось перапіскі — як яны іх там здабылі, гэта ўжо наўрад ці былі нейкія законныя спосабы. Таму, напэўна, у аснову абвінавачаньня яны не маглі іх пакласьці, але ўжо пасьля таго, як яны мяне апыталі і выціснулі зь мяне гэтыя ўсе паказаньні, мне трэба было паказаць, што я супрацоўнічаю, што я гатовы. Я падпісаў нейкія дакумэнты, абавязаньне яўкі, гэта значыць, што я абавязваюся зьявіцца, калі яны мяне выклічуць, і яны мяне адпусьцілі. Акрамя гэтага, я ж не ляцеў з Расеі. Я ляцеў далей па Расеі ў Новасібірск, і яны, напэўна, былі ўпэўненыя, што ў выпадку, калі я паспрабую перасекчы мяжу РФ у бок Беларусі ці яшчэ кудысьці бязь іх ведама або дазволу, тады яны ўбачаць і змогуць спыніць. Таму ў Новасібірск я адправіўся адтуль. Адпусьцілі, увогуле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG