Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры ЭЗ і Польшчы скрытыкавалі адно аднаго ў Эўрапарлямэнце


Акцыя польскай апазыцыі ў Варшаве
Акцыя польскай апазыцыі ў Варшаве

Кіраўнікі Эўрапейскага Зьвязу і Польшчы ў аўторак уступілі ў палеміку на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Спрачаліся наконт выкананьня Варшавай эўрапейскіх нормаў. Лідэры ЭЗ наўпрост прыгразілі Польшчы пазбаўленьнем фінансавых датацыяў.

Кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен, выступаючы ў Эўрапарлямэнце, назвала нядаўняе рашэньне Канстытуцыйнага суду Польшчы, які абвясьціў прыярытэт Канстытуцыі краіны над нормамі ЭЗ, прамой пагрозай адзінству Эўразьвязу. Яна адзначыла, што ўсе краіны ЭЗ павінны прытрымлівацца прынцыпу вяршэнства права. Калі Польшча ня зьменіць сваё рашэньне, можа быць ня толькі замарожана фінансаваньне зь нядаўна створанага эўрапейскага фонду рэканструкцыі, але і запушчана працэдура пазбаўленьня яе права голасу ў ЭЗ.

Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі таксама выступіў перад дэпутатамі. Ён назваў хлусьнёй сьцьвярджэньні, што Польшча мае намер пакінуць ЭЗ, сказаў, што Варшава не паддасца на «шантаж», і пры гэтым заклікаў да дыялёгу.

  • Польшча, як і Вугоршчына, дзе ва ўладзе знаходзяцца падобны ж правапапулісцкі ўрад, доўгі час канфліктуе з кіраўніцтвам ЭЗ, якое абвінавачвае гэтыя краіны, у прыватнасьці, ва ўціску свабоды судовай улады.
  • Сытуацыя вакол Польшчы будзе абмяркоўвацца на саміце лідэраў краінаў ЭЗ у канцы тыдня. Ня ўсе лідэры гатовыя падтрымаць замарозку фінансаваньня Польшчы з эўрапейскага фонду. У прыватнасьці, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў аўторак пасьля сустрэчы з польскім прэзыдэнтам сказаў, што такое рашэньне было б амаральным і падарвала б адзінства ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG