«Вясна»: затрыманым за камэнтары ў «справе Зельцара» 20 дзён не перадаюць перадачы

Жодзінская турма, архіўнае фота
Жодзінская турма, архіўнае фота

Амаль тры тыдні людзі, на якіх завялі крымінальныя справы за камэнтары пра сытуацыю зь перастрэлкай Андрэя Зельцара з КДБ, застаюцца ў ізалятарах бязь зьменнай бялізны і сродкаў гігіены.

Амаль усіх затрыманых за камэнтары ў «справе Зельцара» з усёй Беларусі ўтрымліваюць у жодзінскай турме № 8. Але з моманту, калі іх туды перавялі, там абвясьцілі карантын, празь які затрыманых абмежавалі ва ўсім, паведамляе «Вясна».

Як паведамляюць сваякі затрыманых, у жодзінскай турме палітвязьням не перадаюць ні перадачы, ні лісты, а да некаторых нават не пускаюць адвакатаў. Па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за камэнтары.

Сваякі спрабуюць дасылаць вязьням пасылкі, але невядома, ці перададуць іх адразу, ці толькі пасьля карантыну.

Фактычна, усе фігуранты «справы Зельцара» ўжо тры тыдні сядзяць у тым адзеньні, у якім іх затрымалі, бяз сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. Адказаў на лісты родныя таксама не атрымліваюць, яны нават ня ведаюць, ці аддаюць лісты зьняволеным. Дакладнай даты заканчэньня карантыну ў жодзінскай турме блізкія ня ведаюць, але доўжыцца ён ужо прыкладна два тыдні. Сваякам кажуць, што ён дакладна будзе дзейнічаць яшчэ да канца гэтага тыдня.

Адзіным варыянтам падтрымкі палітзьняволеных у гэтай справе застаецца папаўняць асабовы рахунак вязьня ў турме, каб той мог набыць неабходнае ў мясцовай краме. Аднак дакладна не вядома, ці працуе «атаварка» падчас карантыну.

​
XS
SM
MD
LG