Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дактары: прэзыдэнт Чэхіі Зэман ня здольны выконваць свае функцыі


Мілаш Зэман, 2019 г.
Мілаш Зэман, 2019 г.

Пра гэта 18 кастрычніка паведаміў старшыня Сэнату Чэхіі Мілаш Выстэрчыл, спасылаючыся на заключэньне дактароў Цэнтральнага вайсковага шпіталя, у якім Мілаш Зэман знаходзіцца на лячэньні.

Выстэрчыл дадаў, што дактары ацэньваюць доўгатэрміновы прагноз пацыента як надзвычай няпэўны і лічаць вяртаньне Зэмана да выкананьня прэзыдэнцкіх абавязкаў малаімаверным.

Мілаша Зэмана шпіталізавалі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі гэтага шпіталя 10 кастрычніка. Дырэктар шпіталя Міраслаў Заварал заявіў чэскім СМІ, што прэзыдэнта лечаць ад вядомай ім хранічнай хваробы. Як паведамлялі тады чэскія СМІ і камэнтатары, у Зэмана сур’ёзная форма дыябэту і нэўрапатыя ніжніх канцавінаў.

Шпіталізацыя Зэмана ўскладніла фармаваньне новага ўраду ў Чэхіі пасьля парлямэнцкіх выбараў 8–9 кастрычніка, бо ў найбліжэйшым часе, як выглядае, ён ня зможа ні зацьвердзіць адстаўку старога ўраду, ні прапанаваць новы.

У выніку пост прэм’ера яшчэ няпэўны час будзе займаць лідэр кіроўнай партыі мільярдэр Андрэй Бабіш, нягледзячы на тое, што палітолягі называюць яго пераможаным на выбарах. А кіраўнік пераможнай кааліцыі ня можа ўзначаліць урад як мінімум да моманту паляпшэньня здароўя прэзыдэнта. Новы парлямэнт пакуль таксама не сабраўся на пасяджэньне, а значыць, ня можа ні сфармаваць новы ўрад, ні прыняць рашэньне аб адстаўцы Зэмана ў сувязі са станам яго здароўя, каб перадаць функцыі прэзыдэнта іншым палітычным суб’ектам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG