Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе аб забойстве брытанскага дэпутата арыштавалі выхадца з Самалі


Паліцыянты ля месца забойства Дэйвіда Эміса
Паліцыянты ля месца забойства Дэйвіда Эміса

Па справе аб забойстве дэпутата брытанскага парлямэнта сэра Дэйвіда Эміса быў арыштаваны выхадзец з Самалі, брытанскі падданы Алі Харбі Алі, бацька якога раней працаваў дарадцам кіраўніка самалійскага ўраду.

Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на брытанскі ўрад.

Алі ўтрымліваецца пад вартай. Папярэдне, да пятніцы будзе весьціся яго допыт.

Некаторы час таму ўлады ў Вялікабрытаніі прыцягнулі Алі да ўдзелу ў праграме па супрацьдзеяньні экстрэмізму і радыкалізацыі жыхароў, але цікавасьці для спэцслужбаў ён не ўяўляў. 15 кастрычніка, у дзень забойства сэра Эміса ў Эсэксе, паліцыя заявіла, што папярэднія высновы сьледзтва паказваюць на сувязь з радыкальнымі ісламістамі як на патэнцыйны матыў злачынства.


Алі Харбі Алі ўтрымліваецца пад арыштам у Лёндане. Раней пра падазраванага ў забойстве паведамлялася толькі, што яму 25 гадоў.

Яго бацька Харбі Алі Кулан ужо меў размову з паліцыянтамі, якія канфіскавалі ягоны тэлефон.

Таксама ў публікацыі ВВС гаворыцца, што ў суботу паліцыя правяла ператрусы ў Лёндане па трох адрасах. Да гэтага сьледзтва заяўляла, што акрамя Алі больш нікога не шукае.

Напад на 69-гадовага парлямэнтарыя Дэвіда Эміса быў учынены ў царкве гораду Лі-он-Сі, на сустрэчы з выбарнікамі. Нападнік нанёс палітыку множныя нажавыя раненьні, ад якіх той сканаў на месцы, нягледзячы на спробы лекараў выратаваць яго жыцьцё.

Эміс быў членам Кансэрватыўнай партыі і засядаў у парлямэнце з 1983 году. Ён другі забіты брытанскі заканадаўца за апошнія 5 гадоў. У чэрвені 2016 года таксама на сустрэчы з выбарнікамі быў зьдзейсьнены напад на прадстаўніцу Лейбарысцкай партыі Джо Кокс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG