Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне проста выкрасьлілі зь ліку грамадзян». Кулакоў адмаўляецца плаціць за перабываньне на Акрэсьціна


Леанід Кулакоў, архіўнае фота
Леанід Кулакоў, архіўнае фота

Ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, празь які з 2020 году прайшлі тысячы ўдзельнікаў пратэстаў, адмаўляецца адказваць на запыты грамадзянаў адносна іх утрыманьня ў сьценах установы.

Да такой высновы прыйшоў актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў. Актывіст марна спрабуе атрымаць ад ІЧУ зьвесткі пра сваё знаходжаньне там у 2020 годзе. «Ігнараваньне суцэльнае», — канстатуе Леанід Кулакоў.

Леаніда Кулакова затрымалі раніцай 6 жніўня 2020 году ва ўласнай кватэры. Гэта было за 3 дні да прэзыдэнцкіх выбараў. Актывіст мяркуе, што трапіў пад «прэвэнтыўны хапун», якія ўлады практыкавалі і раней. Але гэтым разам падзеі вакол яго разьвіваліся больш жорстка, згадвае Леанід Кулакоў.

«Была раніца, недзе 7-я гадзіна. Уварваліся ў кватэру, схапілі. Да 6 гадзінаў вечара трымалі ў Першамайскім райаддзеле і адтуль адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Там не далі ані матрацу, ані бялізны, ніводнага разу не кармілі — проста трымалі да паўдня 7 жніўня. А тады павезьлі ў Жодзіна.

У мяне ўжо быў прысуджаны арышт на 15 сутак нібыта за тое, што яшчэ 30 траўня выкрыкваў на пікеце „Стоп таракан“. Вось па тым адкладзеным арышце і адбыў за кратамі 11 дзён.

Па выхадзе выставілі рахунак за „паслугі“ ў ізалятары Жодзіна, але чамусьці дадалі і плату за суткі, нібыта праведзеныя ў ІЧУ на Акрэсьціна. Гэта 13 рублёў 50 капеек, палова базавай велічыні.

За Жодзіна я расплаціўся, але грошы за Акрэсьціна плаціць адмаўляюся. Паслуг мне ніякіх там не аказвалі, нават не кармілі, і прабыў я там ня суткі, а меней за палову дня», — абураецца Леанід Кулакоў.

Зь мінулага году Леанід Кулакоў спрабуе аспрэчыць спагнаньне зь яго 13 з паловай рублёў, але марна. Актывіст двойчы падаваў на ІЧУ ў суд, але ягоныя скаргі не прымалі да разгляду нібыта праз тое, што ён не падаваў патрэбных дакумэнтаў.

«Суд захацеў ад мяне афіцыйную даведку, колькі часу я прабыў у ізалятары, а потым каб я ўжо даказваў, што там нешта недакладна. Напісаў зварот у ІЧУ, адправіў яго заказным лістом з паведамленьнем праз паштовае аддзяленьне № 103, на тэрыторыі якога пражываю.

Мінуў месяц, адказу няма. Іду на пошту, а там кажуць, што мой ліст як ляжаў у іх, гэтак і ляжыць. На ім цяпер стаіць штамп „не запатрабаваны“.

Кажуць, што некаторыя ўстановы, як ІЧУ, самі мусяць забіраць заказную пошту на іх адрас. Дык вось супрацоўнік нібыта прыходзіў, паглядзеў на мой ліст, але забіраць яго адмовіўся. А прычын не патлумачыў», — апавёў Леанід Кулакоў пра лёс свайго звароту ў ІЧУ.

Паводле актывіста, загадчыца паштовага аддзяленьня выказала вэрсію, што ва ўстанове ведаюць ягоную асобу і чамусьці ня хочуць перапісвацца.

«Разьвяла рукамі і сказала, што нічым дапамагчы ня можа», — згадвае размову на пошце Леанід Кулакоў.

Леанід Кулакоў мяркуе, што Менскі ІЧУ на Акрэсьціна парушае ягонае права атрымаць ад дзяржаўнай установы зьвесткі, якія тычацца яго як грамадзяніна, што гарантавана Канстытуцыяй Беларусі. Прычына, на думку актывіста, яўна палітычная.

«Мне помсьцяць за палітычную актыўнасьць. Проста выкрасьлілі зь ліку грамадзянаў, элемэнтарныя правы парушаюць. І такіх у нас тысячы, каму адмоўлена ў выкананьні грамадзянскіх правоў. З гэтым рана ці позна любы сутыкнецца», — мяркуе Леанід Кулакоў.

Але што далей? Куды цяпер зьвяртацца па патрэбную даведку?

Актывіст шчыра прызнаецца, што адказу на гэтае пытаньне ня мае. Ён ужо скардзіўся на Менскі ІЧУ ва ўправу сталічнай міліцыі, але адказу не атрымаў і мяркуе, што скарга ў Міністэрства ўнутраных спраў будзе мець такі ж вынік.

Леанід Кулакоў ужо некалькі разоў атрымліваў папярэджаньне ад судовых выканаўцаў, якія патрабуюць аплаціць рахунак за ўтрыманьне ў ізалятары на Акрэсьціна і пагражаюць штрафамі.

«Нядаўна зноў заблякавалі маю карту. І што далей? Ня ведаю», — кажа Леанід Кулакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG