Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як Наста стала Стасяй». Выйшлі «Вольныя паштоўкі» з малюнкамі палітзьняволенай мастачкі Міронцавай


Анастасія і Вікторыя Міронцавы падчас суду
Анастасія і Вікторыя Міронцавы падчас суду

Першы набор «Вольных паштовак» ад былой студэнткі акадэміі мастацтваў Анастасіі Міронцавай выпусьцілі валянтэры офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Іх можа набыць кожны ахвочы. Аўтарка цяпер адбывае пакараньне за «пратэсты» і «гвалт над міліцыянтам» у жаночай калёніі ў Гомлі.

«Беражыце здароўе і нэрвы»

На 12 картках — малюнкі і цытаты з турэмных лістоў Анастасіі. За кратамі яна шмат малюе. Са словаў яе сяброўкі Дар’і, дзяўчына сумуе па магчымасьці маляваць алейнымі фарбамі. Часам яна заплюшчвае вочы і ўяўляе, як піша этуды. Ёй падаецца, што ў яе за гэты час зьмяніўся стыль.

Сяброўка вядзе ў інстаграме старонку @stasia.maliuje, дзе публікуе малюнкі Анастасіі.

У турэмных лістах Наста ўпершыню просіць, каб яе называлі Стасяй. Тлумачыць, што даўно хацела памяняць імя. Праз тое, што ў камэры было шмат Анастасій, адну зь дзяўчат пачалі клікаць Асяй, а Міронцава сама сабе абрала імя Стася.

«Сёньня так цёпла было на вуліцы. І з дворыкам пашчасьціла. На два квадратныя мэтры трапляла сонца... Не... Нават на тры... Параспраналіся і тусілі ў майках. У мяне нават зьявілася жаданьне хадзіць на прагулкі, якое даўно зьнікла. Спадзяюся, заўтра будзе гэтак жа крута», — расказвае мастачка пра шпацыр на адной з паштовак.

Яна жартуе, што сьпіць на падушцы, на якой, магчыма, спаў яшчэ Якуб Колас.

«Беражыце здароўе і нэрвы. Ежце болей сырой гародніны, зеляніны, фруктаў. Пайду зраблю гарбатку. Зялёненькую зь лімонам. Думаю пра вас, каго люблю, і так добра становіцца», — яшчэ адна цытата зь ліста Стасі да сяброўкі Дар’і ёсьць на паштоўцы.

На малюнках з набору сустракаецца дзяўчына з кароткім вожыкам валасоў, імаверна, гэта сама Стася. Аўтапартрэт яна пэрыядычна дасылае і ў сваіх лістах.

Як набыць набор «Вольных паштовак», можна даведацца тут. Як расказала валянтэрка Дар’я, якая займаецца праектам, пералічаныя сродкі пойдуць ініцыятыве Vkletochku.org, якая дапамагае бясплатна адпраўляць лісты палітвязьням.

Праект «Вольныя паштоўкі» існуе ўжо паўгода. Выйшлі 90 паштовак больш як 30 вязьняў. Малюнкі Стасі Міронцавай сталі першым наборам «Вольных паштовак». Праект плянуе і далей ствараць паштоўкі з малюнкамі іншых вязьняў.

Стася вэган, любіць коцікаў і падарожжы

Стасі 25 гадоў. У 2020 годзе яна вучылася на апошнім курсе акадэміі мастацтваў у Менску, была адной з найлепшых студэнтак. Усяго ў сям’і Міронцавых 5 сясьцёр.

Летась у жніўні Анастасію разам зь дзьвюма сёстрамі затрымалі на некалькі дзён за тое, што спрабавалі дапамагчы мінаку, якога затрымлівалі людзі ў балаклавах.

У кастрычніку Анастасію забралі па крымінальнай справе за «пратэсты» і «гвалт над міліцыянтам». За кратамі яна ўжо роўна год. Празь зьняволеньне Анастасія не змагла здаць выпускныя экзамэны, яе адлічылі.

Дзяўчыне далі 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Тэрмін мастачка адбывае ў гомельскай калёніі. Разам зь ёю па той жа справе сядзіць і яе родная сястра Вікторыя. Трэцяя сястра Аляксандра ў жніўні таксама трапіла на содні, а пазьней зьехала зь Беларусі.

Стася — вэган, і прытрымліваецца дыеты нават у неспрыяльных для гэтага турэмных умовах. Дома яе чакаюць чатыры выратаваныя з вуліцы каты. Яна вельмі любіць жывёл і моцна да іх прывязваецца. Любіць слухаць Tears for fears, Loffi hip hop, гурт «Наутилус Помпилиус».

Яна любіць чытаць у лістах пра цікавыя мясьціны і падарожжы. Гэта дапамагае ёй у няволі хаця б у думках перанесьціся ў іншую рэчаіснасьць. Цяпер яна складае сьпіс месцаў, куды хацела б трапіць, калі будзе на волі. Калі вызваліцца, марыць паехаць на мора, бо ніколі там не была.

Напісаць ліст можна па адрасе: папраўчая калёнія № 4, 246035, Гомель, вуліца Антошкіна, 3, Міронцавай Анастасіі Віктараўне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG