Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хуценька сеў за стол і напісаў тэстамэнт». Вядомыя беларусы расказваюць, як хварэюць на каранавірус


Цяжкія ўскладненьні пасьля перанесенага летась каранавірусу, невыносныя болі ў суставах і цягліцах, рэанімацыя з прычыны праблемаў з сэрцам, вялікая страта вагі — вядомыя беларусы расказваюць, як пераносяць COVID-19 і якія бываюць наступствы.

Алесь Клышка: «Я абраў такую тактыку — нічога ня еў, ужываў шмат вадкасьці і спаў»

72-гадовы навуковец і пісьменьнік Алесь Клышка паступова ачуньвае пасьля перанесенага каранавірусу. Літаральна ўчора здаў у друк сваю новую кнігу, прысьвечаную футболу, якая называецца «Футбол. Гісторыі мінулага веку». Кніга беларускамоўная, у ёй будзе багата ілюстрацый.

Спадар Алесь расказаў, што гадоў 10 таму перанёс некалькі апэрацый па замене суставаў. Яшчэ тады даў сабе зарок: не ўжываць ніякіх лекаў, нават абязбольвальных і антыбіётыкаў. Кажа, што дактары дзівіліся ягонай трываласьці і мужнасьці. З таго часу ня выпіў ніводнай таблеткі, нават вітамінаў не ўжываў.

Спадар Клышка расказвае, што заўсёды засьцерагаўся, вёў здаровы лад жыцьця, хадзіў у лазьню. Аднак месяц таму захварэў на каранавірус. Падазрае, што заразіўся ад дачкі, якая прыйшла да бацькоў з высокай тэмпэратурай. Праз два дні захварэла ўся сям’я Клышкаў.

«Я для лячэньня абраў такую тактыку — нічога ня еў, ужываў шмат вадкасьці і спаў. Ухутваўся ў коўдру, і сем дзён — толькі сон і пітво. На ноч ставіў побач чатыры вялікія шклянкі з вадой, толькі піў.

Было вельмі дрэнна. Пульс зьнізіўся да 56, ціск — да 110. Я хуценька сеў за стол і напісаў тэстамэнт: што зрабіць сваякам, дзе мяне пахаваць, як распарадзіцца з хатай, з маёмасьцю, каму што належыць.

І тут мяне напаткала думка: я ж пачаў пісаць новую кніжку, столькі людзей у гэты віхор зацягнуў! Трэба ж яе скончыць.

І раптам — не паверыце: тэмпэратура спала, вярнуўся апэтыт, пайшоў на папраўку», — кажа спадар Клышка.

За 10 дзён хваробы і галадаваньня ён схуднеў на 7 кіляграмаў. Паціху стаў ужываць ежу. Праз 20 дзён пасьля пачатку ковіду заўважыў, што вага крыху павялічыліся.

«Як толькі стала лепш, накуплялі якаснай ежы: арэхаў, сухафруктаў, рыбы, сыроў дарагіх. Зьявілася лёгкасьць, пачуцьцё сьвята — мы ж жывыя! Я па адчуваньнях аднавіўся, як пасьля лазьні. Пасьля вострай фазы хваробы наступіла палёгка. Наліў сабе каньячку, жонцы віна. Тое, што некалі зэканоміў на леках, вырашыў траціць менавіта на якасныя, смачныя, карысныя харчы.

Памяць істотна палепшылася, узгадваю тое, пра што даўно ўжо забыўся, галава ачысьцілася. Ня ведаю, можа, яшчэ якія наступствы будуць. Але падумаў: калі гасподзь паслаў мне гэтую хваробу, можа, як у тым анэкдоце пра трывалага беларуса, так і трэба?» — жартуе Алесь Клышка.

На яго думку, самае галоўнае — адсутнасьць панікі, страху, пачуцьця нейкай непазьбежнасьці, што нешта дрэннае здарыцца.

«Страх забівае чалавека. Ня трэба баяцца, трэба быць аптымістам, змагацца, думаць, што яшчэ шмат недаробленых спраў, якія трэба давесьці да ладу. Я вярнуўся да працы», — дзеліцца сакрэтамі свайго выздараўленьня Алесь Клышка.

Жонка Аляксандра Тамковіча: «Быў такі пэрыяд, што балела ўсё. Ня мог ні ляжаць, ні ўстаць, ні есьці»

57-гадовы журналіст Аляксандар Тамковіч першы раз перахварэў на каранавірус летась у лістападзе, кажа ягоная жонка Ірына. Хвароба тады праходзіла ня вельмі цяжка, аднак пасьля перанесенага COVID-19 зьявіліся цяжкія ўскладненьні. Цяпер захварэў на «карону» другі раз.

Падчас першага ковіду кампутарная тамаграфія паказала паражэньне лёгкіх на 10%. Даволі хутка ачуняў, адчуваў сябе нармальна. Здаў аналізы, прайшоў флюараграфію. Бальнічны ліст ня быў патрэбны. Падумаў: калі што ня так, то ператэлефануюць з паліклінікі.

Перад самым Новым годам стала дрэнна, пайшоў у паліклініку — аказалася, што ранейшая флюараграфія паказала двухбаковую пнэўманію. Паводле жонкі, спадарыні Ірыны, ад перанесенага каранавірусу пачаліся цяжкія ўскладненьні, зь якімі Аляксандар змагаецца дагэтуль.

«Саша зімой ляжаў у 2-м раддоме на Бельскага, лячылі яго гінэколягі паводле пратаколу. Выпісаўся, нібыта нармальна сябе адчуваў. Пасьля перанесеных каранавірусу і пнэўманіі празь некалькі тыдняў пачалі моцна балець суставы, цягліцы, апухалі рукі і ногі. Потым хуткая адвезла ў інфэкцыйны шпіталь. Дыягнаставалі яшчэ і дыябэт. Быў такі пэрыяд, што балела ўсё. Ня мог ні ляжаць, ні ўстаць, ні есьці. Пачалі лячыць гарманальнымі прэпаратамі.

Гарманальнае лячэньне доўжыцца зь лютага. Хацелі зьніжаць дозу паступова, але пакуль не атрымліваецца. Спрабавалі замест гармонаў уводзіць антыбіётыкі, але стан пагаршаўся», — расказвае гісторыю мужавай хваробы Ірына Тамковіч.

За гэты год Аляксандар 10 разоў трапляў у розныя шпіталі. Нядаўна ў яго здарыўся бессымптомны інфаркт. На вуліцы раптоўна забрала хуткая, пашкоджаньне нібыта невялікае.

Цяпер хварэе на каранавірус другі раз. Мяркуе, што заразіўся ў дыягнастычным цэнтры 9-га шпіталя, куды трапіў з інфарктам.

«У палаце аказаўся мужчына, які моцна кашляў. Тэст на COVID-19 станоўчы, тэмпэратуры няма. Спадзяюся, другі раз хвароба праходзіць ня вельмі цяжка.

З дыягнастычнага цэнтру „дзявяткі“ Аляксандра перавялі ў кардыялёгію 2-га шпіталя. Настрой у яго бадзёры, духам ня падае», — кажа жонка Аляксандра Тамковіча Ірына.

Анатоль Шумчанка: «Сіл няма, але трэба вучыцца дыхаць»

Другі месяц мужна змагаецца з каранавірусам 46-гадовы лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. 14 кастрычніка яго перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, але да поўнага выздараўленьня яшчэ далёка.

У кардыялёгію першага клінічнага шпіталя Анатоля Шумчанку прывезла хуткая дапамога 13 верасьня. Тэмпэратура ў яго паднялася да 39 градусаў, кампутарная тамаграфія паказала 25% паражэньня лёгкіх, паставілі дыягназ «пнэўманія». Сатурацыя падала да 88, таму шмат часу Анатоль быў «на кіслародзе». Яму ставілі кропельніцы, калолі гепарын і трайчатку. На пачатку кастрычніка яго ўжо зьбіраліся выпісваць са шпіталя. Аднак праз 3 тыдні інтэнсіўнай тэрапіі стан зноў пагоршыўся. Гісторыю сваёй хваробы Анатоль падрабязна занатоўваў у фэйсбуку.

4 кастрычніка Анатоль напісаў, што яго пераводзяць у рэанімацыю — прычым не праз ковід, а праз праблемы з сэрцам.

«Да каранавірусу далучылася яшчэ бактэрыяльная інфэкцыя, пнэўматоракс. Капаюць антыбіётыкі, быў усталяваны дрэнаж. Анатоль знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане», — пісала 11 кастрычніка жонка Анатоля.

А 14 кастрычніка Шумчанку перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату. Пра гэта ён напісаў ужо сам. І нават апублікаваў сэлфі.

«Дзякуй усім за перажываньні і падтрымку. Пакуль жывы. Выгляд ня вельмі, але не з курорту прыбыў. Перавялі з рэанімацыі, дзе прабыў 11 дзён, у палату. Сіл няма, але трэба вучыцца дыхаць. Дзякуй велічэзны дактарам і мэдсёстрам за іх надзвычай цяжкую працу».

Гаварыць яму пакуль цяжка, але настрой бадзёры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG