Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскаму футбольнаму клюбу не далі перанесьці матч, нягледзячы на каранавірус у 9 гульцоў і трэнэраў


Каманда студэнтаў «Энэргетык-БДУ», архіўнае фота
Каманда студэнтаў «Энэргетык-БДУ», архіўнае фота

Беларуская фэдэрацыя футболу адмовіла менскаму клюбу «Энэргетык-БДУ» перанесьці матч 26-га туру супраць берасьцейскага «Дынама», заплянаваны на 17 кастрычніка.

Раней адміністрацыя студэнцкай каманды накіравала ліст у фэдэрацыю з просьбай перанесьці сустрэчу, паколькі асноўныя гульцы «Энэргетыка» захварэлі на каранавірус і ня змогуць дапамагчы ў важнай гульні з гледзішча месца ў турнірнай табліцы.

Адзначаецца, што пасьля тэставаньня 11 кастрычніка выяўлена: два трэнэры і сем футбалістаў інфікаваныя вірусам COVID −19. Гэта настаўнікі Уладзімер Бяляўскі і Сяргей Амельянчук, а таксама гульцы Арцём Макаўчык, Айк Мусаханян, Аляксей Лаўрык, Максім Амельянчук, Аляксандар Булычаў, Бабір Абдыхалікаў, Шахзадбек Убайдулаеў.

Беларуская фэдэрацыя футболу ўвесну 2020 году пэўны час была адзінай у сьвеце, якая не адмяніла праз пандэмію COVID-19 ніводнай сустрэчы, а на трыбуны доўгі час дапускалі гледачоў бяз масак.

Старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Базанаў дагэтуль упэўнены, што гэта падняла прэстыж айчыннага футболу, паколькі трансьляцыі глядзелі далёка за мяжой. Праўда, калі аднавіліся турніры ў іншых краінах, інтарэс да Беларусі адразу ж зьнік.

Тым часам Беларускі фонд спартовай салідарнасьці абнародаваў справаздачу, у якой выкладзеныя факты перасьледу гульцоў за іх погляды, палітычнай агітацыі з боку кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу і іншых парушэньняў статуту міжнародных арганізацый, у якія ўваходзіць беларуская фэдэрацыя.

УЭФА і ФІФА на атрыманую інфармацыю пакуль што не адрэагавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG