Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 14 мільёнаў прышчэпак ва Ўкраіне, станоўчы тэст у прэзыдэнта Латвіі. Навіны COVID-19 у суседзяў


Шпіталь у Маскве

Што адбываецца з каранавіруснай пандэміяй у суседніх зь Беларусьсю краінах.

Міністэрства аховы здароўя: ва Ўкраіне зрабілі больш за 14 мільёнаў прышчэпак ад COVID-19

Ва Ўкраіне з пачатку кампаніі вакцынацыі было зроблена звыш 14 мільёнаў прышчэпак супраць COVID-19: амаль 7,8 мільёна чалавек атрымалі адну дозу, цалкам імунізаваныя і атрымалі дзьве дозы больш за 6,3 мільёна чалавек.

Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны падкрэсьлівае, што 97% тых, хто ў верасьні трапіў у шпіталі з COVID-19, не былі прышчэпленыя.

Прэм’ер-міністар Літвы: сёлета такіх абмежаваньняў, як летась, не плянуецца

Урад Літвы не мае намеру абмяжоўваць асабістае жыцьцё, як гэта было ў мінулым годзе на Каляды і на Новы год, сказала прэмʼер-міністарка Інгрыда Шыманіце. Яна заклікала жыхароў паклапаціцца пра вакцынацыю пажылых чальцоў семʼяў, паведамляе DELFI.

«Траціна новых выпадкаў кожны дзень — гэта дзеці і падлеткі да 18 гадоў. Паколькі ўрад ня мае намеру абмяжоўваць асабістае жыцьцё так, як у мінулым годзе на Каляды і на Новы год, я заклікаю ўсіх гаварыць са сваімі пажылымі сваякамі пра вакцынацыю, каб пазьбегнуць росту выпадкаў сьмяротнага зыходу», — сказала Шыманіце.

Станоўчы тэст на каранавірус у прэзыдэнта Латвіі

Прэзыдэнт Латвіі Эгіл Левітс атрымаў станоўчы вынік экспрэс-тэсту на каранавірус і таму перанёс сустрэчу з прэзыдэнтам Эстоніі Алар Карыс, паведамілі ў канцылярыі прэзыдэнта Латвіі.

13 кастрычніка латвійскі лідэр вярнуўся з працоўнай паездкі ў Швэцыю, здаў экспрэс-тэст на COVID-19 і атрымаў станоўчы вынік. 14 кастрычніка ён здасьць ПЦР-тэст. Левітс асабіста зьвязаўся з Карыс і папрасіў перанесьці сустрэчу.

У Польшчы вакцынаваліся каля 52% насельніцтва

За апошнія суткі ў Польшчы каранавірусам заразіліся 2640 чалавек, 40 памерлі. Усяго ў Польшчы цалкам прышчапілася 19 648 767 чалавек, гэта каля 52% ад усяго насельніцтва.

Намесьнік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска паведаміў, што сярэднесутачная колькасьць заражэньняў на 100 000 жыхароў расьце:

«На сёньняшні дзень у Польшчы фіксуецца паказчык у 4,9. Два ваяводзтвы ў гэтым пытаньні лідэры — гэта Люблінскае з паказчыкам у 19,6 і Падляскае ваяводзтва з паказчыкам 15,4 заражэньня за дзень на 100 тысяч жыхароў», — паведаміў ён.

У Маскве кожны дзявяты пацыент з COVID-19, старэйшы за 60 гадоў, памірае

У Расеі выявілі 31 299 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам за суткі. Акрамя таго, за апошнія суткі ад COVID-19 памерлі 986 чалавек. Гэта максымум за ўвесь час пандэміі. Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб па барацьбе з COVID-19.

Сярод хворых старэйшага ўзросту, якія своечасова не зьвяртаюцца да доктара, памірае кожны трэці. Пра гэта паведамляе маскоўскі апэратыўны штаб кантролю сытуацыі з каранавірусам.

Імавернасьць цяжкай формы каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу ў пажылых людзей у 5,5 раза вышэйшая, у 75-гадовых — ужо ў сем разоў, а ў людзей, старэйшых за 80 гадоў, у дзевяць разоў вышэйшая, гаворыцца ў паведамленьні.

Пры гэтым шпіталізацыя патрабуецца палове захварэлых на COVID-19 людзей, старэйшых за 60 гадоў. Хвароба працякае шпарка, на працягу трох дзён стан можа рэзка пагоршыцца. Ад гэтага 60 адсоткаў ложкаў у стацыянарах, дзе лечаць пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй, займаюць пацыенты, старэйшыя за 60 гадоў. Яны ж складаюць амаль 80 адсоткаў усіх пацыентаў на ШВЛ.

Па дадзеных маскоўскага апэратыўнага штабу, 86 працэнтаў ад агульнай колькасьці памерлых ад COVID-19 складаюць людзі, старэйшыя за 60 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG