Беларусы сталі менш езьдзіць за мяжу
У 2020 годзе замежныя турысты зьдзейсьнілі 3,5 мільёна паездак у Беларусь. У 2019 годзе такіх паездак было 11,8 мільёна — амаль утрая болей, падлічвае Белстат.
Беларусы за мяжу ў 2020 годзе зрабілі 2,8 мільёна паездак, у 2019 годзе такіх паездак было ўтрая болей.
Найбольш турыстаў у Беларусь прыяжджала з Расеі і Польшчы
52,2 тысячы турыстаў з Расеі ў 2020 годзе прыехалі ў Беларусь. Гэта ў 4 разы менш, чым у 2019 годзе. На другім месцы — Польшча. З гэтай краіны Беларусь наведалі 13,5 тысяч чалавек — у 4,5 раза менш, чым у 2019 годзе.
Менш турыстаў прыяжджалі зь Літвы — у 11 разоў. Паток турыстаў у Беларусь з Кітаю зьменшыўся ажно ў 27 разоў, гэта найвышэйшы такі паказчык. Менш турыстаў стала прыяжджаць з Украіны — у 4,7 раза.
Менш турыстаў стала прыяжджаць амаль з усіх краін.
Куды беларусы езьдзілі ў пандэмію
У пандэмію беларусы чакана наведвалі краіны, межы якіх былі адчыненыя. Найбольш — Эгіпет: 115 тысяч чалавек. Турэчччына — 62 тысячы, Украіна — 12 тысяч.
Агулам у параўнаньні з 2019 годам з краіны выехала амаль у чатыры разы менш турыстаў. Калі ў 2019 годзе падарожнічаў за мяжу амаль мільён беларусаў, то ў 2020-м — 258 616 чалавек.
Да 7 тысяч чалавек вырасла колькасьць турыстаў, які наведалі Альбанію. У 2019 годзе іх было ўдвая болей.
Мінус 196 турфірмаў за год
Колькасьць турыстычных арганізацый, якія працуюць у Беларусі, зьменшылася за год на 196. У 2019 годзе такіх арганізацый было 1544, а ў 2020-м — 1348.
Зьменшыўся экспарт і імпарт турыстычных паслуг
Экспарт турыстычных паслуг у грашовым вымярэньні зьменшыўся ў 2,5 раза за год. У 2019 годзе ён склаў 901 мільён даляраў, а летась — 354 мільёны.
Зьменшыўся і імпарт турыстычных паслуг. Калі ў 2019 годзе ён склаў 1,1 мільярда даляраў, то ў 2020 — толькі 501,7 мільёна.
Плюс 176 аграсядзібаў
У параўнаньні з 2019 годам летась у Беларусі зьявілася больш аграсядзібаў: было 2760, стала 2936. А вось турысты ў аграсядзібы прыяжджалі менш. Калі ў 2019-м іх было 514,8 тысячы чалавек за год, то ў 2020-м — 433,3 тысячы, або менш у 1,1 раза.
Найбольш аграсядзібы наведвалі летась турысты зь Беларусі — 98%. Астатнія 2% — замежнікі. У 2019 годзе замежнікаў у беларускіх аграсядзібах было 9,5%.