Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысуд будзе суровым». Ігар Лосік за кратамі 470 дзён


Ігар Лосік 470 дзён за кратамі.
Ігар Лосік 470 дзён за кратамі.

Кансультанта Радыё Свабода затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Суд над ім ідзе ўжо больш за тры месяцы.

Судовы працэс у справе Ігара Лосіка, якога судзяць разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязьняў, пачаўся на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 24 чэрвеня. Ён не скончыўся дагэтуль, праз закрытасьць працэсу пра яго ход нічога не ведаюць нават родныя абвінавачаных.

Пра тое, што адбываецца цяпер зь Ігарам, Свабодзе расказала ягоная жонка Дар’я, якая ад самага пачатку суду кожны дзень працэсу праводзіць ля сьценаў СІЗА, куды прыяжджае з Баранавічаў.

Дар'я Лосік жонка Ігара Лосіка.
Дар'я Лосік жонка Ігара Лосіка.

«У мінулую суботу 23 верасьня атрымала ліст ад Ігара, у якім ён пытаўся, чаму я яму пішу на абрыўках паперы і ўсяго толькі некалькі радкоў, — расказвае Дар’я. — Я спачатку зусім не зразумела, пра што ён. Бо звычайна пішу на цэлых лістках. Няважна, з нататніка яны альбо са сшыткаў. Гэта заўсёды цэлыя старонкі, сьпісаныя з двух бакоў. Часам нават некалькі лістоў. І ніколі так не бывае, што там толькі некалькі радкоў. Яны сьпісаныя цалкам. Я стараюся пісаць шмат. Таму я думаю, што такім чынам у СІЗА на Ігара ціснуць. Маўляў, вось, паглядзі, як табе піша твая жонка. Але гэта не спрацуе, бо ягоная жонка ў Гомлі ўжо чацьвёрты месяц сядзіць пад сьценамі СІЗА кожны дзень».

Дар’я, расказвае, што працягвае езьдзіць у Гомель з Баранавічаў з канца чэрвеня. Ля будынку, дзе судзяць яе мужа Ігара, яна знаходзіцца кожны дзень судовага працэсу.

«Калі б мне сапраўды было пляваць на тое, што тут адбываецца, калі б я па-наплявацельску ставілася да таго, што тут адбываецца, да свайго мужа, я б цяпер ня тут была, а ў сябе дома, і займалася б там тым, чым бы мне захацелася, — абураецца Дар’я Лосік. — Гэта чарговая іх спроба нам нашкодзіць. Псыхалягічна націснуць на Ігара».

Па словах жонкі палітвязьня, іхная перапіска зь Ігарам неаднойчы перарывалася і мела перашкоды, аднак асабліва яны ўзмацніліся пасьля пераводу Ігара Лосіка ў СІЗА-3 у Гомлі і пачатку судовага працэсу ў ягонай справе.

«Не скажу, што мяне можна нечым зьдзівіць, але гэта нешта новенькае, — расказвае Дар’я. — Незвычайна было даведацца, што мае лісты там неяк ірвуць, адрываюць ад іх кавалкі».

Сама Дар’я за апошнія чатыры тыдні атрымала ад мужа толькі адзін ліст. Ён быў ня вельмі пазытыўным, Ігар расказваў пра тое, што суд працягваецца.

Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрывеня 2021 году.
Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Гомель, 24 чэрывеня 2021 году.

На днях Дар’я Лосік паслала мужу чарговы ліст на чатырох старонках, уклала ў яго два фатаздымкі. Яна спадзяецца, што ліст да Ігара дойдзе цэлым. Па словах Дар’і, эмацыйны стан яе мужа пастаянна мяняецца. Пра нешта ён піша з пазытывам, пра нешта, наадварот, — з тугой. Пра судовы працэс над мужам Дар’я па-ранейшаму нічога ня ведае. Невядома нават, на якім этапе цяпер разбор справы.

«Калі можа быць вырак, я праўда ня ведаю, — прызнаецца Дар’я. — Чаму працэс ідзе так доўга? Я ўжо, напэўна, ня раз гаварыла, што там 180 тамоў. І Ігар на спатканьні мне пра гэта расказваў. Відаць, таму ўсё так доўга. Плюс, магчыма, каб маральна зьнішчыць апанэнтаў. Змучаць іх судовым працэсам. Калі казаць пра магчымы прысуд, то я не чакаю справядлівасьці. Тут цяпер нічога справядлівага не адбываецца. Тут ідзе вайна з усёй грамадзянскай супольнасьцю і ні пра якую справядлівасьць не выпадае гаварыць. Я думаю, што прысуд будзе дастаткова суровым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG