Фядута камэнтуе Караткевіча, чакае візу сьледчага
Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ў СІЗА КДБ прышчапіўся ад кавіду і піша камэнтары да раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
«Народная Воля» цытуе вытрымкі зь ліста палітоляга, затрыманага ў красавіку ў Маскве і зьмешчанага ў СІЗА Камітэту дзяржбясьпекі.
«Вечарам атрымліваю лісты. На некаторыя адказваю адразу, асабліва мастацкія пакідаю на наступны дзень, каб павыдасканальвацца ў фармулёўках і прадэманстраваць адрасату: маўляў, і мы валодаем мастацтвам слова!», — піша Аляксандар Фядута.
Цяпер ён перачытвае клясыку — раман Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Жартуе, што разам са сьледчым.
«Сьледчаму адаслалі першыя чатыры сшыткі з маімі рукапісамі-камэнтарамі. Калі ня будзе пярэчаньняў, спадзяюся, яны трапяць у друк», — разьлічвае аўтар.
Акрамя таго, паведаміў, што прышапіўся ад COVID-19 расейскай вакцынай «Спутник V», абодва ўколы перанёс практычна нічога не адчуўшы.
Аляксандар Фядута знаходзіцца пад вартай ў справе аб «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту». Разам зь ім таксама праходзяць палітык Рыгор Кастусёў і юрыст Юрась Зянковіч.
Два тыдні ад Ігара Лосіка няма лістоў
Блогера Ігара Лосіка судзяць у закрытым рэжыме разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Арцёмам Сакавым, Уладзімерам Цыгановічам і Дзьмітрыем Паповым.
«Гомельская турма нам зрабіла інфармацыйную блякаду. Два тыдні ад Ігара няма лістоў. І ён не атрымлівае ніводнага ліста. Я напісала ліст да цэнзара. Што яны хочуць паказаць Ігару? Што пра яго ўсе забыліся і ўсе яго кінулі? Дык я чацьвёрты месяц стаю пад СІЗА, і ён гэта ведае. Нават у 1937 годзе не забаранялі перапіску з затрыманымі ці асуджанымі. Я не пішу пра справу і суд, я пішу пра тое, як гадуецца ягоная дачка, якая 16 месяцаў ня бачыла свайго тату. Гэта той пэрыяд жыцьця дачкі, які ён прапускае», — кажа жонка палітзьняволенага Дар’я Лосік.
Цяпер Паўліне 2 гады і 9 месяцаў. Дар’я лічыць, што лістоў мусіць быць больш, каб прарваць «блякаду», і заклікае людзей пісаць як Ігару, так і іншым палітвязьням.
У камэры Міколы Статкевіча халодна і сыра
Тым часам Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, 30 верасьня атрымала ад яго ліст. Статкевіч ня ходзіць на паседжаньні суду — спачатку ён сам гэтага запатрабаваў, потым яго «выдаліў» суд.
Палітзьняволены напісаў пра ўмовы ў камэры. Яна халодная і сырая.
«Калі ідзе касы дождж, то вада трапляе ў камэру, капае зь нішы ў сьцяне, падлога мокрая. Ён падсунуў тазік у тую нішу, неяк так ратуецца. Нізкая тэмпэратура, вільгаць. Камфорту гэта не дадае», — кажа Марына Адамовіч.
З крыніц інфармацыі ў палітыка засталіся толькі некаторыя дзяржаўныя выданьні. Ён чытае «СБ. Беларусь сегодня» і «Экономическую газету». Прачытаў у «СБ» артыкул пра «Дзень народнага адзінства».
«Пра „беларускія Беласток і Вільню“ Мікола напісаў, што нават Пазьняк не асьмеліўся так казаць. Але не выпадае гэта лічыць нейкай формай патрыятызму. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя Беларусь падзялілі геаграфічна, цяпер — па сьветапоглядзе. Найбольш нацыянальна сьвядомых людзей пачалі выцясьняць зь дзяржаўных устаноў, адукацыі, выціснулі з краіны — рабілі тое, што пілсудчыкі ў 20-х гадах у Заходняй Беларусі, а сталіністы, толькі больш крывава, — ва Ўсходняй», — працытавала радкі зь ліста Статкевіча ягоная жонка.
Сяргей Ціханоўскі піша лісты і малюе
Сябра Сяргея Ціханоўскага перадаў Свабодзе, што ў палітзьняволенага «ўсё нармальна», ён піша лісты.
27 верасьня ў маці Ціханоўскага, Соф’і Яфрэмаўны, быў дзень нараджэньня. Сын яе павіншаваў з турмы і даслаў свой аўтапартрэт.