Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 кастрычніка: справа за абразу намесьніка генпракурора, прысуд у «справе студэнтаў» пакінулі ў сіле

абноўлена

Генпракуратура Беларусі
Генпракуратура Беларусі

Свабода працягвае сачыць за судовымі падзеямі ў Беларусі, ператрусамі і іншымі фактамі перасьледу грамадзян за іх палітычныя перакананьні.

Справа за абразу пракурора

Генэральная пракуратура паведаміла, што завяла крымінальную справу супраць мужчыны, які нібыта апублікаваў абразьлівы камэнтар у дачыненьні да намесьніка генпракурора.

41-гадовы беларус мае від на жыхарства ў Расеі. Свой камэнтар, які абражае прадстаўніка Генпракуратуры «ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў», ён апублікаваў у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі». Гэты канал прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім».

Крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт. 369 КК, завяло ўпраўленьне ўласнай бясьпекі Генпракуратуры.

Паводле інфармацыі СК, з 9 жніўня 2020 году ў Беларусі зарэгістравана больш за 5 тысяч злачынстваў, зьвязаных з пратэставымі акцыямі. У асноўным гэта «паклёпы» і «абразы», зьдзейсьненыя, як правіла, з выкарыстаньнем інтэрнэту.

Ператрус ва ўдзельніцы страйку

Стала вядома, што 4 кастрычніка адбыўся ператрус ва ўдзельніцы страйку на прадпрыемстве «Нафтан» Ірыны Лучыновіч. Яна працавала на заводзе «Палімір».

Сілавікі прыйшлі да жанчыны ў межах крымінальнай справы «Рабочага руху» паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).

Сама Ірына пасьпела выехаць з краіны.

Апэляцыю ў «справе студэнтаў» адхілілі

Як паведаміў «Вольны прафсаюз БДУ», Менскі гарадзкі суд 5 кастрычніка адхіліў апэляцыю абаронцаў асуджаных у «справе студэнтаў» на выракі.

Такім чынам, прысуды, прызначаныя судзьдзёй Савецкага раёну Менску Марынай Фёдаравай, засталіся ў сіле. 10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Усім фігурантам справы прысудзілі па 2,5 года зьняволеньня. 2 гады атрымаў Глеб Фіцнэр, адзіны, хто прызнаў віну.

Вэтэрынара асудзілі за яйка, кінутае на аўтамабіль ДАІ

4 кастрычніка вынесьлі прысуд у крымінальнай справе супраць вэтэрынарнага доктара Рыгора Чагадаева, якога вінавацілі ў «пагрозе ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў». Гэта, на думку сьледзтва, праявілася ў тым, што мужчына кінуў на капот машыны ДАІ курынае яйка.

Пацярпелымі прызналі пяцёх супрацоўнікаў ДАІ, гэта Аляксандар Герасімёнак, Андрэй Якубовіч, Сяргей Батуркевіч, Уладзіслаў Дземянец, Віталь Пасьлед. Некаторыя зь іх яшчэ патрабавалі кампэнсацыі «маральнай шкоды», але на судзе ня здолелі ўцямна растлумачыць, у чым менавіта выявіліся іх пакуты.

Аднак судзьдзя Анастасія Кулік вынесла Чагадаеву абвінаваўчы прысуд: 2 гады «хатняй хіміі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG