Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 кастрычніка: 1,5 года калёніі за слова «ч...о» на адрас Лукашэнкі


Супрацоўнік ДАІ, ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнік ДАІ, ілюстрацыйнае фота

Свабода сочыць за падзеямі ў Беларусі: не спыняюцца ператрусы ў актывістаў, працягваюцца суды паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

Гамельчуку з інсулінавай залежнасьцю далі 14 сутак за рэпост

Суд Чыгуначнага раёну Гомля адправіў на 14 сутак у ізалятар 42-гадовага Канстанціна Прусава, мясцовага жыхара з інсулінавай залежнасьцю і інваліднасьцю. Ён працуе дызайнэрам, у тым ліку займаецца росьпісам цэркваў.

Яго абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў перапост у чат з 54 удзельнікамі з «экстрэмісцкага каналу».

На судзе жыхар Гомля распавёў, што яго затрымалі міліцыянты 1 кастрычніка з прымяненьнем фізычнай сілы.

«Я ішоў з крамы з пакункамі. Пачуў за сабой тупат ног. Мяне павалілі на зямлю. Супрацоўнікаў была вялікая колькасьць», — распавёў Канстанцін Прусаў.

Канстанцін Прусаў зазначыў, што ня ведаў, што youtube-канал «Рэальная Беларусь», адкуль ён зрабіў перадрук у чат, зьяўляецца экстрэмісцкім.

Судзьдзя Яўген Шаршнёў пытаўся: «З якой мэтай вы зрабілі перапост?».

«Мне інфармацыя ў роліку падалася цікавай, і я зрабіў перапост у чат. Ніякай мэты я не перасьледаваў», — казаў жыхар Гомля.

Адвакатка Прусава зазначыла, што паслугі мабільнай сувязі яе падабароннаму прадстаўляе апэратар, які мусіў папярэджваць карыстальнікаў пра забароненую ці экстрэмісцкую інфармацыю.

«YouTube у нас не забаронены, там не было папярэджаньня, што інфармацыя — экстрэмісцкая. І органы мусяць сачыць, каб экстрэмісцкая інфармацыя не была ў свабодным доступе. Тым больш мой падабаронны ня меў намеру яе распаўсюджваць», — казала абаронца.
Судзьдзя пакараў Канстанціна Прусава арыштам без канфіскацыі тэлефону.

1,5 года калёніі за «ч...о» на адрас Лукашэнкі і «мр...зь» на адрас міліцыянта

4 кастрычніка Аляксандра Літвішчэнку прызналі вінаватым у злачынствах паводле арт. 369 КК РБ (абраза супрацоўніка міліцыі) і па арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Працэс расьцягнуўся на месяц, бо пацярпелы міліцыянт двойчы не зьяўляўся на паседжаньні, піша тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў.

Згодна з матэрыяламі справы, Літвішчэнка ў адным з тэлеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, пакінуў на адрас менскага міліцыянта слова «мр...зь», што палічылі абразай. На адрас жа Аляксандра Лукашэнкі ў іншым тэлеграм-канале, таксама прызнаным экстрэмісцкім, выкарыстаў слова «ч...о».

Паводле праваабаронцаў, лінгвістычная экспэртыза неадназначна ацаніла выраз жыхара Магілёва на адрас кіраўніка дзяржапарату. Экспэрт-лінгвіст нідзе не адзначыў, што гэтае слова зьяўляецца абразьлівым. Літвішчэнка на судовым працэсе адмовіўся ад паслуг адваката.

Дзяржабвінаваўца запрасіла для падсуднага па двух крымінальных артыкулах 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. У выніку судзьдзя Вольга Краўчанка пагадзілася з пракурорам. Падсуднага, які знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, узялі пад варту ў залі суду.

Віцябляніна асудзілі за абразу супрацоўніка ДАІ

Суд Першамайскага раёну Віцебску 4 кастрычніка вынес прысуд былому супрацоўніку патрульна-паставой службы Аляксандру Шматаву. 50-гадовага мужчыну абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў (арт. 369 КК).

Справу разглядала судзьдзя Натальля Карабліна, піша «Віцебская Вясна».

Паводле абвінавачваньня, летась 25 чэрвеня ў сацсетцы «Одноклассники» на старонцы грамадзкай актывісткі Вольгі Карач пад фота, на якім супрацоўнік ДАІ Ганцавічаў Ігар Вольніч разам з калегам затрымлівае аднаго з дэманстрантаў, Аляксандар Шматаў пакінуў камэнтар: «Такіх недан...ў паўсюль хапае».

Па словах абвінавачанага, яго абурыў факт прымяненьня супрацоўнікам МУС фізычнай сілы да дэманстранта. Ён палічыў дзеяньні неправамернымі і напісаў камэнтар. Пры гэтым заявіў, што допіс тычыцца не канкрэтна Ігара Вольніча, а ўсіх трох асобаў на фатаздымку. Ніякага палітычнага падтэксту ў гэта не ўкладаў.

На судзе Аляксандар Шматаў таксама паведаміў, што праходзіў тэрміновую службу ў Менску, пасьля служыў у ППС аднаго зь віцебскіх раёнаў. Здаралася, што і разганяў дэманстрацыі.

Інспэктар Ганцавіцкага ДАІ ацаніў нанесеныя яму маральныя пакуты і прыніжэньне гонару і годнасьці ў 1500 рублёў.

Аляксандар Шматаў пагадзіўся выплаціць грашовую кампэнсацыю, але папрасіў суд зьменшыць яе да 1000 рублёў. Грошай катастрафічна не хапае, бо даглядае хворую маці, якой штомесяц трэба купляць лекі, а цяперашні заробак грузчыка ня большы за 400 рублёў. Да таго ж трэба штомесяц пагашаць банкаўскі крэдыт, а зьберажэньняў ніякіх няма.

У выніку суд вынес пастанову: пакараць Аляксандра Шматава абмежаваньнем волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG