Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль: пакуль няма адчуваньня, што ў Беларусі чуюць нашу пазыцыю па справе журналіста «Комсомольской правды»


Рэзыдэнцыя найвышэйшага кіраўніцтва Расеі, ілюстрацыйнае фота
Рэзыдэнцыя найвышэйшага кіраўніцтва Расеі, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ведае пра здарэньне з карэспандэнтам Генадзем Мажэйкам з дайджэсту, які ён рэгулярна чытае, расказаў ягоны прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў.

Пры гэтым расейскі бок дагэтуль ня мае зьвестак, дзе канкрэтна адбылося затрыманьне журналіста. Сваякі Генадзя Мажэйкі сьцьвярджаюць, што яго схапілі беларускія сілавікі, калі ён знаходзіўся ў Маскве.

«Мы ня ўпэўненыя, што яго затрымалі на тэрыторыі Расеі, проста ня маем такой інфармацыі», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў журналістам.

Ён таксама ўдакладніў: паколькі гаворка пра грамадзяніна Беларусі, улады Расеі ня могуць даведвацца пра яго праз дыпляматычныя каналы і займацца абаронай інтарэсаў.

«Грамадзянін Беларусі затрыманы і знаходзіцца ў спэцыяльных службаў гэтай краіны. Вядома, калі гэта зьвязана зь яго журналісцкай дзейнасьцю, нельга ўхваляць такія дзеяньні. Але мы ня ведаем дэталяў і што канкрэтна ставіцца яму ў віну. Гаворка пра ўнутрыбеларускі сюжэт. Наўрад ці можам нешта дэталёва камэнтаваць», — адзначыў ён.

Дзьмітрый Пяскоў нагадаў, што раней Расея выказала нязгоду ў сувязі з тым, што быў заблякаваны сайт «„Комсомольской правды“ в Беларуси». Нагодай стала нататка з успамінамі пра застрэленага спэцслужбамі супрацоўніка ІТ-індустрыі Андрэя Зельцара, пасьля якой газэту абвінавацілі ў «абяленьні злачынца».

«Мы з гэтым ня згодныя, чакаем адмены абмежаваньняў і забесьпячэньня свабоднай працы нашага паважанага выданьня на тэрыторыі саюзнай нам Беларусі», — сказаў прадстаўнік Крамля.

Тым часам рэдакцыя «Комсомольской правды» накіравала ў Менск спэцпрадстаўніка ў сувязі з затрыманьнем журналіста Генадзя Мажэйкі. Паводле зьвестак галоўнага рэдактара выданьня Ўладзіміра Сунгоркіна, журналіст знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Для ягоных бацькоў нанялі адвакатаў, але тых да сына пакуль не пусьцілі.

Таксама Ўладзімір Сунгоркін расказаў, што ў менскай кватэры Мажэйкі некалькі гадзін цягнуўся вялікі ператрус.

«Да яго прыехалі сем сьледчых. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, яму інкрымінуюць два артыкулы: 130, частка 3 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці) і артыкул 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Усё грунтуецца на адной невялікай нататцы з нагоды страляніны, якая прастаяла на сайце чатыры хвіліны», — адзначыў ён.

Пастаянная камісія па правах чалавека ў інфармацыйнай сфэры Рады пры прэзыдэнце Расеі па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека заклікала ўлады Беларусі вызваліць затрыманага журналіста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG