Пра гэта Deutsche Welle паведаміў бацька журналіста Сяргей Камароўскі. Паводле яго слоў, у пастанове пра ператрус пазначаны артыкулы Крымінальнага кодэксу «Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці», а таксама — «Акт тэрарызму».
Падчас ператрусу ў кватэры відэаапэратара ў Менску забралі ўсю тэхніку, у тым ліку ноўтбук, відэакамэры, прылады для запісу і карты памяці, а таксама пасьведчаньне пазаштатнага супрацоўніка Deutsche Welle. Разам з тым, як адзначыў бацька Камароўскага, афіцыйна ні падазрэньне, ні абвінавачаньне па крымінальнай справе Ягору Камароўскаму пакуль ня выстаўлена.
Цяпер Ягор Камароўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў завулку Акрэсьціна ў Менску. Ён быў затрыманы ўвечары 28 верасьня ў Менску, пра што пасьпеў паведаміць сваякам. На наступны дзень яго асудзілі на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за «хуліганства». Абставіны арышту і сапраўдная яго прычына блізкім Камароўскага і яго адвакату дакладна не вядомыя.