Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 кастрычніка: новыя затрыманьні за камэнтары пра гібель супрацоўніка КДБ

абноўлена

Ізалятар на Акрэсьціна ў Менску
Ізалятар на Акрэсьціна ў Менску

У Беларусі праходзіць чарговая хваля затрыманьняў, цяпер нібыта за абразу забітага супрацоўніка КДБ. Сама меней 86 чалавек схапілі за апошнія два дні па ўсёй Беларусі.

Запрасілі тэрміны для фігурантаў «карагоднай справы»

Суд над чарговымі шасьцю фігурантамі «карагоднай справы» ў Берасьці пачаўся 24 верасьня. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле летась 13 верасьня ў акцыі на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава.

1 кастрычніка пракуроры запатрабавалі пакараць восьмую па ліку групу падсудных наступнымі тэрмінамі зьняволеньня і так званай «хіміі»:

  • Алег Кулеша (апошнія 3 месяцы ў СІЗА № 7 Берасьця) — 1 год 7 месяцаў калёніі
  • Мікіта Дзьмітрыеў — 2 гады «хіміі»
  • Ганна Кашырскіх — 1 год 6 месяцў «хіміі»
  • Сяргей Кунцэвіч — 1 год 6 месяцаў «хіміі»
  • Дзьмітры Макарэвіч — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»
  • Тацяна Пякарская — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі».

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі «наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў.

У рамках гэтай крымінальнай справы пакаралі ўжо больш за 80 чалавек.

Бабруйскія актывісты на допыце ў КДБ

Праваабаронцам«Вясны» стала вядома, што затрыманая пасьля хатняга ператрусу ў Бабруйску Галіна Сьмірнова знаходзіцца на допыце ў мясцовым упраўленьні КДБ.

Туды ж сьледам даставілі гарадзкіх актывістаў Сяргей Бяляева і Вольгу Новікаву.

Сяргея Бяляева, які мае трэцюю групу інваліднасьці (у яго хвароба Паркінсона), затрымлівалі сёлета на Дзень Волі і арыштавалі тады на 20 сутак. Каля тыдня ён галадаў, адмаўляючыся ня толькі есьці, але і прымаць прапісаныя лекі. На такі крок мужчына адважыўся пасьля таго, як супрацоўнікі бабруйскага ІЧУ забралі ў яго перадачу ад маці.

Створаныя для асуджаных умовы ў ізалятары Сяргей Бяляеў называў «абсалютным катаваньнем».

«Хатняя хімія» за камэнтар пра міліцыянта

Суд Першамайскага раёну Менску 1 кастрычніка пакараў Дзьмітрыя Сманцара, якога вінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу.

Згодна з абвінавачаньнем, 30 красавіка мужчына пакінуў абразьлівы камэнтар у тэлеграм-канале «Лухта» пад публікацыяй пра супрацоўніка міліцыі з Івацэвічаў Руслана Куцко: «Куцко — ***».

Руслан Куцко таксама прызнаны пацярпелым у крымінальнай справе супраць Вольгі Кронды, якая пакінула пад фатаздымкам міліцыянта эмодзі ў выглядзе «гаўняшкі».

У публікацыі Дзьмітры Сманцар даў спасылку на гісторыю Вольгі Кронды, а сам камэнтар паўтараў выказаную ёй думку, толькі ў выглядзе слова. Агулам пад пастом зьявілася больш за 400 камэнтароў.

Пракурор Мацьвей Худаешка прасіў суд прызнаць Дзьмітрыя Сманцара вінаватым і прызначыць яму пакараньне ў выглядзе абмежавання волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову тэрмінам на 2 гады.

Судзьдзя Максім Трусевіч пагадзіўся і прызначыў запрошаны тэрмін, абавязаўшы таксама выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпеламу ў памеры 1000 рублёў, а мабільны тэлефон канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.

У Століне схапілі былога афіцэра

Першага кастрычніка стала вядома, што 29 верасьня ў Століне затрымалі Аляксандра Велясьніцкага — папярэдне, за камэнтар у сацыяльных сетках пра гібель Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ у перастрэлцы. Па месцы пражываньня мужчыны правялі ператрус, а яго самога перавезьлі ў Менск на Акрэсьціна, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У жніўні летась Аляксандар — былы афіцэр-памежнік — адмовіўся ад мэдаля «За бездакорную службу».

«Я прыняў гэтую ўзнагароду з гонарам. Больш чым 15 гадоў годнай службы ў памежных войсках і органах памежнай службы давалі падставу лічыць, што я маю права насіць яе на сваім парадным кіцелі. Пакуль не даведаўся, што гэтым жа мэдалём у тэрміновым парадку ўзнагароджваюць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданьнях, біцьці і катаваньнях мірных людзей, жанчын і мужчын, непаўналетніх і падлеткаў, старых», — сказаў афіцэр на відэа, якое запісаў адмыслова для асуджэньня дзеяньняў улады ў тыя дні.

Паводле падлікаў праваабаронцаў і валянтэраў, як мінімум 82 чалавекі затрыманыя за апошнія два дні па ўсёй Беларусі.

У Менску затрымалі студэнта БДУ

Першага кастрычніка стала вядома аб затрыманьні студэнта завочнага аддзяленьня БДУ Ўладзімера Запольскіх. Меркаваная прычына – «абразьлівыя» камэнтары пра застрэленага супрацоўніка КДБ, паведамляе тэлеграм-канал Law Verum.

Запольскі вучыцца на 4 курсе юрфаку. На сайце Spiski.live напісана, што на гэты момант ён у СІЗА КДБ, аднак іншыя тэлеграм-каналы зазначаюць, што паступалі зьвесткі аб яго знаходжаньні ў турме на Акрэсьціна.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, хлопца затрымалі праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт. 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці»).

На Берасьцейшчыне ператрусы ў непаўналетніх

Ператрусы прайшлі ў васьмі дамах у вёсцы Кавердзякі, якая мае 1500 жыхароў. Прычынай перасьледу сталі надпісы «Жыве Беларусь» на прыпынку, пакінутыя ў ноч з 22 на 23 верасьня, паведамляе «Вясна Брэст».

Шэраг грамадзян, пераважна непаўналетніх, дапыталі. Супрацоўнікі органаў прасілі згоду бацькоў на допыт бязь іхнага ўдзелу, даючы на роздум літаральна дзесяць хвілін.

Месцаў на Акрэсьціна не хапае

Лукашэнка 1 кастрычніка заявіў, нібыта на Акрэсьціна ёсьць шмат вольных месцаў, аднак на самай справе некаторых затрыманых 29 і 30 верасьня людзей зьмясьцілі ў камэры СІЗА КДБ.

Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», 29-30 верасня ў Беларусі былі затрыманыя мінімум 86 чалавек.

Большасць затрыманняў звязаная з каментаваннем у сацсетках пастоў пра гібель Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ. Гэтыя затрыманні адбываюцца ў межах арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса.

Затрыманьне ў Жлобіне за падпал дзьвярэй

Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», 20-гадовага жыхара Жлобіна Вячаслава Асташова, абвінавачваюць у падпале дзьвярэй адміністратыўнага будынка.

Хлопца затрымалі падчас хвалі перасьледу за камэнтары 29 верасьня і запісалі «пакаяльнае відэа», у якім ён прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. У юрыспрудэнцыі лічыцца, што зьвесткі, атрыманыя шляхам гвалту, доказамі ў справе не зьяўляюцца.

Асудзілі выкладчыка курсаў «Мова Нанова»

27 верасьня ў дом Андрэя Коласа ў Ваўкавыску ўламіліся сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй, паведамляе Эўрарадыё са спасылкай на інфармацыю атрыманую ад сяброў затрыманага выкладчыка. Фармальная нагода для візыту – праверка паляўнічай зброі. Мужчыну затрымалі і пасьля суда пасадзілі на 10 сутак.

«Прынялі ў РУУС, дзе ўжо была загатоўка – бяскрыўдны кліп, які Андрэй разьмясьціў у сваіх сацсетках у 2018 годзе з маленькімі лягатыпам сайта, які прызналі экстрэмісцкім у 2021-м! – сказалі сябры гісторыка. – Андрэя пасадзілі ў камэру з дробным зладзюжкам і бяздомным. Зь перадачы прынялі толькі рэчы. Ежу і кнігі разьвярнулі. Кожны вечар яго водзяць на допыты, на якіх з крыкам і матам прапануюць выехаць у Польшчу або сядзець усё жыцьцё».

Па словах сяброў Коласа, у Ваўкавыску яго ведаюць як «чалавека, які выпусьціў з педкаледжа сотні юных патрыётаў». Ён выкладаў ім гісторыю і культуру Беларусі на роднай мове. Таксама гісторык шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам турыстычнай кампаніі, якая стварыла музэй беларускай шляхты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG