Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіў Нюрнбэрскага працэсу апублікавалі ў інтэрнэце


Нюрнбэргскі працэс, 1945 год
Нюрнбэргскі працэс, 1945 год

У 75-гадовую гадавіну прысуду Нюрнбэрскага трыбуналу ў дачыненьні да галоўных злачынцаў «Трэцяга райху» ў інтэрнэт выкладзеныя больш за 5 тысяч пратаколаў судовага працэсу. Праца над праектам працягвалася больш за 20 гадоў.

Навукоўцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту аблічбавалі і апублікавалі ў інтэрнэце дакумэнты і стэнаграмы выступленьняў Нюрнбэрскага працэсу. Вынікі гэтай працы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, сталі агульна даступнымі якраз сёньня, 1 кастрычніка, у 75-ю гадавіну абвяшчэньня прысуду Міжнароднага вайсковага трыбуналу ў Нюрнбэргу.

Ідэя стварыць адкрыты віртуальны архіў дакумэнтаў Нюрнбэрскага працэсу зьявілася ў 1998 годзе, паведамляе Deutsche Welle. Аб’ём архіву перавышае 50 тэрабайтаў. У яго ўвайшлі 5215 пратаколаў Нюрнбэрскага працэсу, якія ўключаюць каля 270 тысяч аблічбаваных старонак папяровых дакумэнтаў.

Нюрнбэрскі працэс стаў першым міжнародным крымінальным працэсам у гісторыі. Суд над высокапастаўленымі прадстаўнікамі нацысцкага рэжыму пачаўся 20 лістапада 1945 году і завяршыўся пасьля 218 дзён слуханьняў 1 кастрычніка 1946 году. Судзьдзі з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Савецкага Саюзу вынесьлі дванаццаць сьмяротных прысудаў (адзін зь іх завочна), тры прысуды аб пажыцьцёвым зьняволеньні і чатыры аб працяглых тэрмінах пазбаўленьня волі. Трое абвінавачаных былі апраўданыя.

На лаве падсудных былі, у прыватнасьці, міністар авіяцыі і фактычна другі чалавек у нацысцкай Нямеччыне Герман Гёрынг (Hermann Göring), намесьнік Гітлера ў НСДАП Рудольф Гесс (Rudolf Hess), міністар замежных спраў «Трэцяга райхў» Ёахім фон Рыбэнтроп (Joachim von Ribbentrop), камандзір сухапутнымі войскамі маршал Вільгельм Кайтэль (Wilhelm Keitel), кіраўнік службы бясьпекі Эрнст Кальтэнбруннер (Ernst Kaltenbrunner), райхсміністар «Усходніх тэрыторый», адзін з галоўных ідэолягаў нацыянал-сацыялізму Альфрэд Розэнбэрг (Alfred Rosenberg), былы генэрал-губэрнатар акупаванай Польшчы Ганс Франк (Hans Frank).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG