Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне затрымалі 96-гадовую былую сакратарку ў канцлягеры Штутгаф. Яна спрабавала схавацца ад суду


Вязень нацысцкага канцлягера Аўшвіц. Ілюстрацыйнае фота
Вязень нацысцкага канцлягера Аўшвіц. Ілюстрацыйнае фота

У Нямеччыне затрымалі 96-гадовую Ірмгард Фурхнэр, якая ў гады Другой сусьветнай вайны служыла сакратаркай камэнданта і машыністкай у канцлягеры Штутгаф.

Як паведамляе Meduza са спасылкай на тэлеканал NTV, 30 верасьня павінна было адбыцца першае судовае паседжаньне ў справе Фурхнэр. Яе вінавацяць у спрыяньні больш як 11 тысячам забойстваў у Штутгафе (сучасная Польшча). Усяго ў гэтым канцлягеры, які дзейнічаў у 1939–1945 гадах, забілі каля 65 тысяч чалавек.

Раніцай 30 верасьня Фурхнэр пакінула дом састарэлых, дзе яна жыве, села ў таксі і выйшла каля станцыі мэтро на ўскраіне Гамбурга. Яна не зьявілася на паседжаньне суду ў горадзе Ітцэха (зямля Шлезьвіг-Гальштэйн). Суд выдаў ордэр на яе арышт.

Фурхнэр затрымалі празь некалькі гадзін. Мэдыкі вызначаць, ці можна браць яе пад варту.

Раней Фурхнэр заявіла, што ў судзе яе будзе прадстаўляць адвакат. Яна папярэдзіла, што ня будзе прысутнічаць на судовых пасяджэньнях з прычыны ўзросту і стану здароўя, а таксама бо не жадае «ператвараць сябе ў пасьмешышча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG