Шарэндзе-Панасюк пагражае крытая турма
Берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк ізноў зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Чарговыя 10 сутак стануць трэцімі за паўтара месяца знаходжаньня ў гомельскай ПК-4.
Паводле Андрэя Шарэнды, мужа палітзьняволенай, 27 верасьня на яе склалі ўжо чацьвёрты рапарт за парушэньне дысцыпліны. Гэтым разам нібыта за рукі ў кішэнях. Адпаведна, пасьля карцара перавядуць альбо ў памяшканьне камэрнага тыпу тэрмінам на тры месяцы, дзе ўмовы ня лепшыя, альбо праз суд — у крытую турму, як гэта зрабілі з Натальляй Хершэ.
«Па сытуацыі з Палінай, Натальляй, Вольгай (Класкоўскай. — РС) зразумела: у ПК-4 мэтанакіравана катуюць жанчын-палітвязьняў, зьмяшчаючы іх у нялюдзкія ўмовы. Гэта робіцца, каб зламаць іхную волю і прымусіць падпісаць памілаваньне. Адказны за катаваньні — начальнік установы Дзяніс Талсьцянкоў. Спадзяюся, яго ўнясуць ва ўсе санкцыйныя сьпісы злачынцаў рэжыму. Натальля Хершэ калі даведалася, што яе пераводзяць у мужчынскую турму, нават уздыхнула з палёгкай, бо горшыя ўмовы, чым у ПК-4, цяжка ўявіць», — зазначыў Андрэй Шарэнда.
Ён упэўнены: нягледзячы ні на што, ягоная жонка вытрымае. У адным з апошніх лістоў яна пісала, што гатовая да маратонскай дыстанцыі, таму будзе стаяць на сваім.
Судаленка застаецца з «сумленьнем і праўдай»
Палітычны вязень з Гомля, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка падзяліўся ў лісьце з-за кратаў думкамі пра сваё зняволеньне.
«Я ўжо страціў і страчу на будучы час свабоду, але застаюся з галоўным — сваім сумленьнем і праўдай. А зь імі любыя выпрабаваньні ня страшныя. Усё праходзіць, і гэта пройдзе. Я два дзясяткі гадоў займаўся абаронай правоў іншых людзей і ў страшным сьне ня мог уявіць , што гэтую дапамогу ператвораць у крымінал».
Суд Цэнтральнага раёну Гомля пачаў 3 верасьня разгляд справы праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валянтэрак арганізацыі Тацяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі.
Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў фінансаваньні або матэрыяльным забесьпячэньні такіх дзеяньняў (ч. 2 арт. 342 КК).
На хадайніцтва пракурораў працэс адбываецца ў закрытым рэжыме.