Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзьвярыма». Леанід Судаленка пра закрыты суд над ім і калегамі


Праваабаронца Леанід Судаленка, архіўнае фота
Праваабаронца Леанід Судаленка, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 3 верасьня пачаў разгляд справы праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі і валянтэрак арганізацыі Тацяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі.

Усіх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), у фінансаваньні або матэрыяльным забесьпячэньні такіх дзеяньняў (ч. 2 арт. 342 КК).

«Гомельская Вясна» апублікавала вытрымкі зь лістоў палітзьняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі да актывіста Васіля Палякова, дзе ён расказаў, што адбываецца на закрытым працэсе.

Судзьдзя Сяргей Салоўскі на хадайніцтва пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова вынес пастанову, якой вызначыў праводзіць суд у закрытым пасяджэньні цягам усяго разьбіральніцтва.

Праваабаронца піша, што абскардзіў такое рашэньне, але ўсе спробы дамагчыся справядлівасьці адхіленыя.

«Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзьвярымі, з гэтым не паспрачаесься. Я абскардзіў, патрабуючы публічнасьці. Агулам падаў дзевяць хадайніцтваў, якія суд пасьлядоўна адхіліў. Два зь іх — на паручальніцтва. Адметна, што аж тры гарадзкія пракуроры падтрымліваюць абвінавачаньне і сур’ёзна лічаць, што праваабарончая дзейнасьць у краіне незаконная», — адзначыў Леанід Судаленка.

Ён таксама расказаў, што ў першы ж дзень суду стала кепска Тацяне Ласіцы, ёй выклікалі хуткую дапамогу. Толькі пасьля выходных працэс працягнулі, дапытваюць ажно 61 сьведку.

«Нудна, руціна. 97% тамоў — ні пра што. Разьбіраюць пікеты 2019 году Марыі Тарасенкі супраць дэкрэта аб дармаедах. Яшчэ крыху і да выбараў-2010 вернуцца. Але вырак ужо чытаецца. Мяркуючы, як працэс ідзе, судзьдзя шкадуе, што няма дзе разгуляцца. Дзяўчат, думаю, вызваляць. Тацяне яшчэ паўгоду давядзецца пасядзець. Па Марыі — інтрыга. Другая частка — арышт. У мяне максымальны тэрмін — мінус пару месяцаў на дзіцёнка. Значыць, „дэмбель“ — вясна 2023-га. А там па сытуацыі», — робіць папярэдні расклад Леанід Судаленка.

23 верасьня Леаніду Судаленку споўніцца 55 гадоў. Павіншаваць яго можна паштоўкаміі і лістамі па адрасе: СІЗА-3, 246003, Гомель, вул. Кніжная, 1А
Леаніду Леанідавічу Судаленку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG