Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала з Расеі першую партыю БТР-82А


БТР-82А на ўзбраеньні арміі Казахстану, 2015
БТР-82А на ўзбраеньні арміі Казахстану, 2015

Асноўная частка бранятэхнікі паступіць на ўзбраеньне 120-й асобнай мэханізаванай брыгады.

Паводле ТАСС, першая партыя расейскіх бронетранспартэраў БТР-82А паступіла ў Беларусь, другая партыя паступіць у лістападзе сёлета. Пра гэта паведаміла ў чацьвер прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі ў сваім Telegram-канале.

«На чыгуначную станцыю Азярышча ў Менску прыбыла першая партыя БТР-82А вытворчасьці АТ „Арзамаскі машынабудаўнічы завод“. Асноўная частка новай бронетэхнікі паступіць на ўзбраеньне 120-й асобнай мэханізаванай брыгады. Некалькі адзінак БТР-82А атрымаюць 72 АНЦ (Аб’яднаны навучальны цэнтр) і Вайсковая акадэмія Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле прэсавай службы, пераўзбраеньне праходзіць у плянавым парадку для замены гусенічнай браніраванай тэхнікі мэханізаваных брыгад на колавую. У Мінабароны Беларусі адзначылі, што на партыю БТР-82А, якая прыбыла, усталяваныя сродкі сувязі ААТ «Агат-Сыстэм» і прыцэлы ААТ «Пеленг» беларускай вытворчасьці.

Акрамя таго, інфармуе Мінабароны, у Беларусь прыбылі і дзьве адзінкі «Брэма-К» — браніраванай рамонтна-эвакуацыйнай машыны на шасі БТР-80. Яны прызначаныя для 120-й і 6-й асобных мэханізаваных брыгад.

  • БТР-82А — найноўшы расейскі ўзор колавай браніраванай тэхнікі, прыняты на ўзбраеньне Узброенымі сіламі Расеі ў 2013 годзе. Ён прыйшоў на зьмену савецкаму БТР-80.
  • Бронемашыны такой мадэлі таксама выкарыстоўваюцца ў войсках Азэрбайджану і Казахстану.

Пасьля апошняй афіцыйнай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным 9 верасьня 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь закупіць у Расеі новай вайсковай тэхнікі на 1 мільярд даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG