Андрэй Зельцар перад уварваньнем кадэбістаў у цывільным званіў на 102
Пра гэта заявіў Свабодзе прадстаўнік ініцыятывы экс-сілавікоў ByPol Алег Талерчык.
«Андрэй Зельцар правамерна зьвярнуўся ў службу 102 і заявіў міліцыі, што невядомыя ломяцца ў ягоную кватэру. На ягонае паведамленьне аб небясьпецы МУС не адрэгавала, не накіравала ні ўчастковага, ні апэратыўную групу», — сказаў Талерчык.
На тэлеканале СТВ Рыгор Азаронак заявіў, што было два званкі з кватэры Зельцара на нумар 102. Першы раз званіў Андрэй, другі — ягоная жонка.
«Яны самі выклікалі міліцыю на сябе», — інтэрпрэтаваў гэтыя факты Рыгор Азаронак.
У інтэрвію Свабодзе прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў ByPol падпалкоўнік Аляксандар Азараў прааналізаваў відэа і інфармацыю пра трагедыю ў Менску. Паводле яго, ёсьць нават вэрсія, што, магчыма, Зельцар не загінуў, але нават уцёк:
«Магчыма, гэта чарговая кансьпіралягічная вэрсія. Але ў той дзень у Менску ўводзіўся плян „Сырэна“, а ён прызначаны для пошуку зьбеглага злачынцы. Была інфармацыя, што тэрарыст уцёк і па горадзе Менску абвяшчаўся плян „Сырэна“ і супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьняў выяжджалі на свае месцы працы» , — сказаў Азараў.
Загінулага байца КДБ пахаваюць на Ўсходніх могілках
Разьвітаньне з загінулым супрацоўнікам КДБ пройдзе ў клюбе імя Дзяржынскага ў пятніцу 1 лістапада з 10 да 12 гадзіны. Яго пахаваюць на Ўсходніх могілках сталіцы, паведаміў «Спутник».