Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і стрэлы ў Менску: якімі будуць наступствы. Дыскусія экспэртаў


Андрэй Зельцар, здымкі 28 верасьня
Андрэй Зельцар, здымкі 28 верасьня

У «Праскім акцэнце» палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў аналізуюць палітычныя і грамадзкія наступствы страляніны ў аўторак у Менску. У выніку гэтага здарэньня, як паведамілі дзяржаўныя СМІ, загінулі дзьве асобы: менскі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітрый.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Пра відэа страляніны

  • У некаторых дэталях відэа здарэньня сапраўды маглі рэтушаваць. Маглі зрабіць так, каб яно было выгаднае ўладам і КДБ, і нявыгаднае ахвяры — Андрэю Зельцару. Але наўрад ці можна сумнявацца ў тым, што адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікам КДБ і чалавекам, да якога яны прыйшлі, і што яны абодва забітыя.
  • Цяпер тэрарыстамі, дывэрсантамі і шпіёнамі называюць усіх, хто выступае супраць улады. Зь ярлыкамі «тэрарыст» ці «экстрэміст» я б паводзіў сябе сур’ёзна.

Пра сутнасьць здарэньня

  • Гэта псыхалягічная сытуацыя грамадзянскай вайны. Яна доўгі час была халоднай грамадзянскай вайной, псыхалягічнай, калі абодва бакі адзін супраць аднаго ўжывалі мову нянавісьці, варажнечы. З аднаго боку, гэта дзяржаўныя СМІ, а ў сацыяльных сетках апанэнты рэжыму асабліва не цырымоніліся ў ацэнках дзеяньняў улады. Гэта павінна было здарыцца рана ці позна.
  • Улада ладзіць рэпрэсіі супраць сваіх апанэнтаў, ня вельмі зважаючы на законы, на працэдуры. Чыніцца «прававое бязьмежжа». І мы ўбачылі, што на прававое бязьмежжа з боку ўладаў ахвяры рэпрэсій адказваюць таксама прававым бязьмежжам. Гэта лягічна і заканамерна.

Пра наступствы

  • Сытуацыя ў краіне разьвіваецца па шляху эскаляцыі. І ўнутры Беларусі, і з суседзямі. Гэты працэс нарастае. Гэта можа выклікаць абсалютна непрадказальныя наступствы для грамадзтва, улады і статусу Беларусі ў сьвеце.
  • Калі глядзець дзяржаўныя СМІ з восені мінулага году, то іх пасыл — ніякага мірнага пратэсту няма, гэта мяцеж, сілавая спроба захапіць уладу. Павышаецца градус нянавісьці да апанэнтаў. Год таму Лукашэнка казаў, што на вуліцу выходзяць крымінальнікі, алькаголікі, прастытуткі, беспрацоўныя. А цяпер зьявіліся экстрэмісты, тэрарысты, шпіёны і дывэрсанты. Думаю, што ўлады скарыстаюць гэты выпадак для зацісканьня гаек. У савецкія часы аналёгіяй можна лічыць забойства Кірава, пасьля чаго пачаліся масавыя рэпрэсіі. У М’янме на вуліцах страляюць у людзей, таму і ў нас яшчэ могуць шмат што прыдумаць.
  • Але ўвядзеньне надзвычайнага ці ваеннага становішча азначае, што Лукашэнка ня справіўся з праблемай. Што крызіс у Беларусі нарастае, што перамогі над пратэстамі няма і сытуацыя па-ранейшаму вісіць.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Пра відэа страляніны

  • У такіх сытуацыях непазьбежна зьяўляюцца кансьпіралягічныя тэорыі. Я б гэта нават параўнаў зь белым шумам, які мае на мэце часам аб’ектыўна або ненаўмысна засланіць нешта галоўнае. Але ў факце сумнявацца нельга. Зрэшты, калі я пачытаў аналітыкаў і экспэртаў пра аналіз відэа, то мне здаецца, што Андрэй Зельцар не зьбіраўся аказваць такога радыкальнага супраціву. Магчыма, ён хацеў палохаць, а яны пачалі страляць, і ён пачаў страляць.

Пра сутнасьць здарэньня

  • Уся грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне вяла да таго, што такія інцыдэнты будуць здарацца. У людзей забралі магчымасьць мірнага пратэсту, магчымасьць любога выказваньня нязгоды, нават проста выказваньня думкі. Людзей забіраюць за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, зэфір, за перапост тэлеграм-каналаў.
  • Раней апанэнты ўлады казалі, што нельга даваць уладзе падставаў прымяняць сілу. Маўляў, мы будзем спакойнымі і мірнымі. Але аказалася, што ва ўлады няма ніякіх прычын для разгортваньня тэрору. Улада пачала рэпрэсіі зь вясны, калі ўжо ніякіх пратэстаў не было. Няма ніякай залежнасьці паміж культурнымі паводзінамі пратэстоўцаў і ўзроўнем рэпрэсій — маўляў, у адказ улада пранікнецца і будзе адказваць тым самым. І вось гэтая сытуацыя паказала, што немагчыма падстаўляць увесь час другую шчаку.

Пра наступствы

  • У некаторых тэлеграм-каналах былі галасаванкі наконт гэтага здарэньня. І шмат людзей там ухваляе паводзіны Андрэя Зельцара, ухваляюць любыя акты гвалтоўнага супраціву ўладам. І гэтага цяпер непараўнальна больш, чым раней. Ясна, што пакуль гэта каля экрана кампутара. Але хто ведае, колькі людзей у глыбіні душы гатовыя да гэтага маральна, каб пераступіць гэтую рысу, бо проста ня бачаць іншых шляхоў.
  • Мы бачым лямант прапагандыстаў, у якіх адно ў галаве: душыць больш, не спыняцца, ледзьве не «забівайце бчб-шнікаў». Цяжка ўявіць вышэйшы ўзровень рэпрэсій.
  • Я не выключаю, што ў выніку гэтага здарэньня ўлада адмовіцца ад канстытуцыйнай рэформы. Калі ў адказ будуць павялічвацца рэпрэсіі, то ня выключана, што такія інцыдэнты будуць адбывацца часьцей. А гэта можа прымусіць Лукашэнку ўвесьці надзвычайнае або ваеннае становішча. Бо ён ня хоча прымаць канстытуцыйную рэформу. Усе апошнія рэплікі Лукашэнкі сьведчаць аб тым, што ён пакутліва ня хоча яе праводзіць, бо ня ведае, каму перадаваць уладу. Чыста псыхалягічна яму прасьцей пра ўсё забыць.
  • Усе рэпрэсіі ўладаў толькі пацьвярджаюць, што яны ня справіліся, што супраціў працягваецца, што паўсюль ворагі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG