Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра 2 сьмерці ў Менску: «Людзі вымушаныя бараніць сябе самі». Лукашэнка: «Беспакараным гэта не застанецца»


Сьляды крыві перад дзьвярыма кватэры, дзе адбылася трагедыя
Сьляды крыві перад дзьвярыма кватэры, дзе адбылася трагедыя

Сьвятлана Ціханоўская выказала спачуваньні родным загінулых, Лукашэнка — загінулага.

Ціханоўская: «Утрыманьне ўлады гвалтам сутыкнула людзей, якія ў прынцыпе ніколі не аказаліся б ворагамі»

Сьвятлана Ціханоўская назвала трагедыяй сьмерць двух чалавек у перастрэлцы ў кватэры, у якую ўварвалася група КДБ.

«Учора здарылася трагедыя. Яе прычына ў тым, што беларусаў без суду і сьледзтва кідаюць у турмы, катуюць, даюць крымінальныя артыкулы за пазыцыю. Закон больш не абараняе людзей, а людзі вымушаныя бараніць сябе самі.

Утрыманьне ўлады гвалтам сутыкнула людзей, якія ў прынцыпе ніколі не аказаліся б ворагамі. Яно ж прывяло да сытуацыі, калі ад нас утойваюць праўду пра здарэньне, калі людзі ня вераць «афіцыйным» паведамленьням.

Я хачу выказаць спачуваньні родным загінулых. Сьмерць усякага чалавека — гэта вялізная страта. Беларусы не павінны паміраць празь нежаданьне ўсяго толькі аднаго чалавека прыняць рэальнасьць і пайсьці. Дзеці не павінны траціць сваіх бацькоў, а маці — сваіх дзяцей. Каб гэтага не адбывалася, трэба спыніць гвалт, вярнуць у краіну сумленнае сьледзтва і суд, вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў і пачаць дыялёг з народам. Інакш кожны дзень прамаруджаньня — гэта пагроза новых бязьвінных ахвяр», — напісала Сьятлана Ціханоўская.

Лукашэнка: «Беспакараным гэта не застанецца»

Аляксандар Лукашэнка, даведаўшыся пра здарэньне, заявіў, што «беспакараным гэта не застанецца». Пра гэта паведаміла ягоная прэс-сакратарка Натальля Эйсмант агенцтву БелТА. Ён таксама даручыў аказаць усякую падтрымку і дапамогу сямʼі супрацоўніка КДБ.

«Прэзыдэнт учора імгненна атрымаў інфармацыю пра трагедыю. Адразу даручыў разабрацца літаральна пасэкундна — ня ўсе дэталі былі вядомыя. Першай справай было даручана аказаць усякую падтрымку сямʼі. І, вядома, прэзыдэнт вельмі спачувае сямʼі загінулага і суперажывае», — сказала Натальля Эйсмант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG