Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі: расейскі вайсковы кантынгент пакінуў краіну пасьля вучэньняў «Захад-2021»


Расейскія вайскоўцы і авіятэхніка, ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы і авіятэхніка, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю, у якой сьцьвярджае, што ўсе падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Расеі пасьля вучэньняў выправіліся з тэрыторыі краіны на свае месцы сталай дыслякацыі.

«Апошні вайсковы эшалён з вайскоўцамі і тэхнікай Расейскай Фэдэрацыі перасек дзяржаўную мяжу Беларусі. Расейскі кантынгент, які браў удзел у сумесным стратэгічным вучэньні „Захад-2021“ на тэрыторыі нашай краіны, накіраваўся да месцаў дыслякацыі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні абароннага ведамства.

Беларуска-расейскія вучэньні праходзяць раз на два гады і лічацца «завяршальным этапам» сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзьвюх краін у бягучым годзе.

Сёлета манэўры праходзілі 10–15 верасьня на тэрыторыі Расеі і Беларусі, агулам у іх было задзейнічана каля 200 тысяч вайскоўцаў, блізу 100 самалётаў і верталётаў, звыш 750 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гармат, рэактыўных сыстэм залпавага агню і мінамётаў.

Згодна са справаздачай Міністэрства абароны Расеі, прыкладна 2,5 тысячы вайскоўцаў гэтай краіны на час вучэньняў былі перакінутыя ў Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG