Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі 2 кастрычніка прыляціць у Тбілісі. Улады кажуць, што арыштуюць яго ў аэрапорце


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі паведаміў, што 2 кастрычніка прыляціць у Тбілісі. Фота авіябілета з Кіева палітык апублікаваў у фэйсбуку.

2 кастрычніка ў Грузіі праходзяць муніцыпальныя выбары, на якіх таксама будуць выбіраць мэра Тбілісі. Цяпер адміністрацыю гораду ўзначальвае Каха Каладзэ, прадстаўнік кіруючай партыі «Грузінская мара». Супернікам дзеючага мэра стане дэпутат Ніка Мэлія — кандыдат ад апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух», якую заснаваў быў Саакашвілі.

Самалёт з Кіева прызямліцца ў грузінскай сталіцы позна ўвечары па мясцовым часе, калі ўсе выбарчыя ўчасткі ўжо будуць зачыненыя, а тэлекампаніі абнародуюць вынікі экзыт-полаў.

У сваім відэазвароце Саакашвілі падкрэсьліў, што не прэтэндуе на якую-небудзь пасаду ў будучым урадзе, які сфармуецца пасьля выбараў.

Згодна з дамоўленасьцямі, дасягнутымі пры пасярэдніцтве Эўрарады, калі кіроўная партыя «Грузінская мара» не набярэ больш за 43% па партыйных сьпісах, у краіне павінны прайсьці пазачарговыя выбары ў парлямэнт.

Кіроўная партыя пазьней выйшла з пагадненьня. Апазыцыйныя лідэры, у тым ліку Міхэіл Саакашвілі, папярэдзілі, што скарыстаюцца правам на мірны пратэст і выведуць на вуліцы сотні тысяч прыхільнікаў, калі ўлады будуць абвінавачаныя ў фальсыфікацыі галасаваньня і не прызначаць дату пазачарговых выбараў.

Трэцяга прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі тбіліскі суд прызнаў вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў і завочна прыгаварыў да трох і шасьці гадоў пазбаўленьня волі па дзьвюх крымінальных справах. Яшчэ дзьве крымінальныя справы супраць экс-прэзыдэнта па тых жа артыкулах разглядаюцца ў судовых інстанцыях.

Як заявіў прэм’ер-міністар Іраклі Гарыбашвілі, калі былы прэзыдэнт сапраўды прыедзе ў Грузію 2 кастрычніка ён будзе адразу ж арыштаваны ў аэрапорце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG