Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Вільні працуе суботняя беларускамоўная школа. ВІДЭА


Падчас заняткаў у школцы
Падчас заняткаў у школцы

У Віленскім музэі імя Івана Луцкевіча з 1 верасьня працуе суботняя школа, дзе вывучаюць беларускую мову. Свабода паразмаўляла з кіраўніцай праекту, настаўніцай і маці.

Ідэя школы зьявілася некалькі гадоў таму, кажа кіраўніца праекту Наста Юркевіч.

«У людзей было жаданьне выхоўваць сваіх дзяцей у роднай мове, і хацелася стварыць такое атачэньне, дзе дзіця можа адчуваць сябе беларусам, камунікаваць па-беларуску. Умоваў для гэтага не было, але сумныя падзеі 2020-га і наступнага году спрычыніліся да таго, што вялікая колькасьць дзяцей беларусаў апынулася ў Вільні, і гэтым дзеткам проста неабходна знаёміцца з аднагодкамі, размаўляць зь імі і вучыцца таксама, таму і ўзьнікла ідэя стварыць для іх гэты асяродак», — кажа кіраўніца праекту Наста Юркевіч.

Наста Юркевіч
Наста Юркевіч

У школе займаюцца дзьве групы дзяцей: ад 4 да 7 гадоў і ад 7 да 10. Бывае, далучаюцца і старэйшыя. Вядзе заняткі Эдзіта Шукевіч — беларуска, якая скончыла катэдру беларускай мовы і літаратуры Віленскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту і больш за 25 гадоў выкладае беларускую мову ў Літве.

Ужо адбылося пяць сустрэч. І хоць дзеці яшчэ не пасьпелі пасябраваць, але ўжо пачуваюцца разьняволена.

«Дзеці задаюць розныя пытаньні, і заўжды ёсьць вясёлыя моманты, але мы стараемся не сьмяяцца на ўвесь голас. Бываюць моманты, калі мы працуем з карткамі, я пытаюся, ці ведаюць яны, як будзе па-беларуску гэтае слова, то яны робяць наватворы з расейскай», — усьміхаецца Эдзіта Шукевіч.

Эдзіта Шукевіч
Эдзіта Шукевіч

Заняткі праходзяць у форме гульні. Для маленькіх вучняў настаўніца прыдумала адмысловыя атрыбуты — цацкі і налепкі.

«Дзеткі свабодна сябе адчуваюць, таму што нам дапамагае вывучаць беларускую мову яблык Антось. Маленькія вельмі добра яго ўспрымаюць, вітаюцца за ручку, стараюцца адказаць яму ўсе словы, якія памятаюць, бо ў дзетак ёсьць дзёньнікі, куды яблык прыклейвае налепку. Калі ў нас усё атрымалася, за месяц можна сабраць чатыры налепкі, а пад канец году будзе цэлая калекцыя».

Маці адной з вучаніц Наста Яўмен кажа, што было здорава трапіць у такі асяродак, дзе дзеці размаўляюць па-беларуску.

«Мы жывём у Вільні даўно, і столькі беларусаў тут не было ніколі, таму, я думаю, маёй дачцэ вельмі прыемна пабачыць, што ёсьць жывыя беларускамоўныя дзеці, зь якімі можна пагаварыць і пасьпяваць».

«Бацькі актыўна ўключаюцца з ініцыятывамі»

Бацькі таксама праяўляюць ініцыятыву і прапануюць актыўнасьці.

«Напрыклад, мама дзьвюх дзяўчынак сказала, што магла б дапамагаць тут у нейкія дні даглядаць дзяцей. Яшчэ адна мама прапанавала вучыць дзетак маляваньню. Трэцяя мама будзе выкладаць курс „Выдавецтва“, у якім падлеткі паспрабуюць сябе ў розных прафэсіях — як журналіст, фатограф, маркетоляг і інш. Бацькі актыўна ўключаюцца з такімі праектамі, прапановамі, якія будуць садзейнічаць умацаваньню беларускай суполкі тут», — расказала Наста Юркевіч.

Цяпер арганізатары атрымалі столькі заявак, што разглядаюць варыянт адкрыць дадатковыя групы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG