Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелАЗ ратуецца ад санкцый пераходам на расейскія рухавікі і кітайскія батарэі


Дзень адчыненых дзьвярэй на БелАЗе, архіўнае фота

Пасьля таго, як жодзінскае прадпрыемства апынулася пад санкцыямі, давялося шукаць новых партнэраў, прызнаўся міністар прамысловасьці Беларусі Пётра Пархомчык.

На думку кіраўніка ведамства, заходнія санкцыі — ня што іншае, як барацьба за рынкі. Маўляў, краіны-канкурэнты ўдарылі па прадпрыемствах, якія прайшлі мадэрнізацыю і сталі канкурэнтаздольнымі: «Амкадор», БелАЗ, МАЗ.

«БелАЗ моцна завязаны на рухавікі ўнутранага згараньня, якія вырабляюць ЗША. Сёньня ёсьць абмежаваньні ў іх пастаўцы. Але мы ўжо катаем кар’ерныя самазвалы, якія працуюць на іншых энэргетычных сродках. Гэта і газавыя рухавікі з Расеі, і акумулятарныя батарэі вытворчасьці Кітая і Карэі. Вельмі важна, каб гэтыя элемэнты ў найбліжэйшы час вырабляліся ў нашай краіне. Каб так званая залежнасьць ад эўрапейскіх краін была як мага меншай», — заявіў міністар у эфіры БТ.

Пры гэтым ён не назваў, пра якія менавіта мадэлі гаворка. У траўні кіраўніцтва жодзінскага заводу паведаміла пра запуск сэрыйнай вытворчасьці 136-тоннага самазвалу БелАЗ 7513-С з амэрыканскім газадызэльным рухавіком Cummins KTA50-C. А крыху раней адбыліся выпрабаваньні 45-тоннай машыны з газапоршневым рухавіком расейскай вытворчасьці. Пра тое, што расейскі рухавік здольны пацягнуць тэхніку ўтрая большай магутнасьці, не паведамлялася.

Сам чыноўнік прызнае, што праз санкцыі машынабудаўнічыя прадпрыемствы вымушаныя адмаўляцца ад высакаякасных камплектных частак і замяняць іх аналягамі.

«Так, ідзе замена камплектуючых. Я адразу скажу, што мы пераходзім, ну скажам, ад высакаякасных (я гэтага ня ўтойваю) эўрапейскіх камплектуючых на прадукцыю іншых вытворцаў. Гэта, зноў жа, найперш азіяцкія краіны — Кітай, Турэччына. Хтосьці страціў, хтосьці знойдзе. Няма сумненьняў, што ніводнае прадпрыемства ня спыніцца», — запэўніў Пётра Пархомчык.

Гэтым летам аб поўным спыненьні супрацоўніцтва з заводам БелАЗ абвясьціў брытанскі канцэрн Rolls-Royce, а ў пачатку верасьня амэрыканская кампанія Cummins пацьвердзіла, што не адпраўляе прадукцыі беларускаму прадпрыемству і яго дылерам. У чэрвені БелАЗ паведамляў пра пляны закупіць 12 рухавікоў на 5 млн даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG