Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 верасьня: экс-футбаліста «Гарадзеі» асудзілі на «хатнюю хімію», затрыманьні на «Гродна Азоце»

абноўлена

Расьціслаў Шавель на футбольным полі
Расьціслаў Шавель на футбольным полі

У Беларусі штодня выносяць прысуды ў крымінальных справах супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Сярод асуджаных праграмісты, футбалісты, музыкі, палітыкі, чыноўнікі — прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадзтва.

Прысуд футбалісту за ўдзел у пратэстах

Вынесены прысуд у крымінальнай справе трох жыхароў сталіцы праз абвінавачаньне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. На лаве падсудных апынуліся 20-гадовыя Вадзім Шашура, палітвязень Расьціслаў Шавель і Мікіта Ермакоў, паведамляе Вясна.

Судзьдзя Алег Каляда вынес хлапцам тыя прысуды, якія і запрасіў пракурор, а менавіта — «хатнюю хімію»:

  • Вадзіму Шашуру — на 2,5 года;
  • Расьціславу Шавелю — на 3 гады;
  • Мікіту Ермакову — на 2,5 года.

Абвінавачаныя прызналі віну ва «ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», якія адбываліся ў Менску: Шашура і Ермакоў — 25 кастрычніка 2020 году, Шавель — 25 кастрычніка і 1 лістапада 2020 году.

Расьціслаў Шавель у мінулым гулец ужо расфармаванага клюбу Найвышэйшае лігі «Гарадзея», ён адзін зь нешматлікіх прадстаўнікоў беларускага футболу, які адкрыта выступіў супраць уладаў.

«Хатняя хімія» за ўдзел у акцыях, пры затрыманьні білі

Суд Маскоўскага раёну Менску 22 верасьня вынес прысуд у крымінальнай справе 24-гадовага жыхара сталіцы Паўла Яіцкага: 2 гады «хатняй хіміі». Палітвязьня вызвалілі ў зале суду. Яго прызналі вінаватым у «арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).

Пазоў «Менсктрансу» на суму 70 тысяч рублёў будзе разглядацца ў грамадзянскім парадку, палітвязень пазоў не прызнаў.

Справу разглядала судзьдзя Тацяна Пірожнікава. Высьветлілася, што падчас затрыманьня 17 чэрвеня па Паўла прыйшлі двое ў цывільным, надзелі кайданкі за сьпінай, павялі да аўтамабіля і па дарозе білі ў жывот, заломвалі рукі, хоць ён не супраціўляўся.

У аддзяленьні ГУБАЗіКу Яіцкага білі па ягадзіцах, прымушалі падпісаць нейкія паперы, пры гэтым увесь час білі дубінкамі. У СІЗА зафіксавалі гематомы на целе.

Абвінавачанага апазналі і затрымалі па фатаздымках у сацыяльных сетках: першы эпізод у справе — фота счэпкі недалёка ад стэлы побач са скрыжаваньнем праспэктаў Пераможцаў і Машэрава. Віну ва ўдзеле ў пратэстах палітвязень прызнаў.

Ужо асуджанаму менчуку зноў прысудзілі «хімію»

20 верасьня судзьдзя суду Ленінскага раёну Магілёва Натальля Панасенка вынесла прысуд у крымінальнай справе па арт. 369 КК у дачыненьні Аляксандра Жыхарэвіча. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў сьнежні 2020-га ён пакінуў абразьлівы камэнтар у адрас участковага інспэктара з Бабруйску Руслана Шумахера ў адным з тэлеграм-чатаў, прызнаных экстрэмісцкім.

Пад допісам, у якім сьцьвярджалася, што міліцыянт фабрыкуе адміністрацыйныя справы, Жыхарэвіч у камэнтары выкарыстаў мянушка міліцыянта — «Плявок». Лінгвістычная экспэртыза вырашыла, што ў мянушцы зьмяшчаецца «нэгатыўная канатацыя».

У траўні 2021 году Аляксандра Жыхарэвіча асудзілі на 2,5 года калёніі адкрытага тыпу за пагрозу гвалтам у адрас міліцыянта. Аднак падрабязнасьцяў гэтай справы на судзе не згадалі.

Па выніках цяперашняга працэсу Панасенка прысудзіла Жыхарэвічу 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Таксама Аляксандар павінен будзе выплаціць 1 тысячу рублёў міліцыянту ў якасці «маральнай кампэнсацыі».

У сукупнасьці з папярэднім прысудам, шляхам паглынаньня часткі тэрміну, Жыхарэвічу трэба будзе правесьці на «хіміі» 2 гады і 8 месяцаў — з улікам таго, што з 2 сакавіка па 14 траўня ён утрымліваўся ў ізалятары.

Затрымалі сяброў незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»

Паводле тэлеграм-каналу «Стачком Азота», сілавікі схапілі Валянціна Цераневіча. Гэта намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот», работнік прадзільнага цэху філіі заводу «Хімвалакно» ў структуры горадзенскага прадпрыемства.

Прычыны затрыманьня невядомыя, але ягоныя калегі перакананыя, што гэта працяг рэпрэсій супраць актыўных чальцоў прафсаюзнага руху.

Валянцін Цераневіч
Валянцін Цераневіч

«Учора затрымалі майго намесьніка Валянціна Цераневіча, а сёньня ягоную жонку вырвалі з працы для нейкіх сьледчых дзеяньняў, — удакладніў старшыня нізавой арганізацыі незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.

Таксама напярэдадні затрымалі двух чальцоў страйкаму, Андрэя Пагерылу і Ўладзімера Жураўку, яны пад вартай. Акрамя таго, у страйкаме пацьвердзілі затрыманьне іншых азотаўцаў. Гэта машыніст цэху «Карбамід-2» Аляксей Сідар і майстры цэху «Аміяк-3» Рыгор Рубан і Дзьмітры Ілюшчанка. Стала вядома, што яшчэ адзін удзельнік страйкаму на «Азоце» Сяргей Шэлест насамрэч не пакінуў краіну, як раней паведамлялася, а знаходзіўся ў Беларусі. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ у Менску. Сяргей — апаратчык цэху «Аміяк-3».

Напярэдадні ў Наваполацку прайшоў ператрус у кватэры старшыні арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгі Брыцікавай. Супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў відэзапісах з заклікамі да страйку.

Пасьля гэтага сілавікі прыйшлі ў офіс Беларускага незалежнага прафсаюзу «Нафтану» і ў аддзел маркетынгу прадпрыемстве, затрымалі аднаго супрацоўніка.

Сама Вольга Брыцікава на волі пад падпіскай аб невыдаваньні.

У Жлобіне затрымалі звольненую супрацоўніцу БМЗ

Жлобінскі тэлеграм-канал паведаміў, што сёньня была затрыманая Святлана Зыль — былая работніца Беларускага мэталюргічнага заводу. Вядома, што 21 верасьня ў яе быў ператрус, які праводзілі супрацоўнікі КДБ, а 22 верасьня яе затрымалі і ўвечары павезьлі ў Менск.

Сьвятлана Зыль улетку 2021 году падтрымала страйк, абвешчаны на БМЗ, і была звольненая з працы. Яе муж мае анкалягічную хваробу. Неабыякавыя жыхары Жлобіну зьбіралі яму грошы на лячэньне.

3 гады за штуршок міліцыянта і нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі

Жыхара Рэчыцы зьняволілі на 3 гады за ўдзел у мірным пратэсьце, штуршок міліцыянта і нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, піша «Палеская Вясна».

22 верасьня суд Рэчыцкага раёну прызнаў Канстанціна Міхальцова вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У віну Міхальцову ставілася тое, што ён пасьля галасаваньня на выбарах прэзыдэнта 9 жніўня 2020 году выйшаў на плошчу ў Рэчыцы, а калі там пачалі затрымліваць іншага хлопца, ён разам з групай людзей замінаў гэта рабіць. Акрамя таго, падсуднага абвінавацілі ў гвалце датычна да міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзьмітрыя Гарая — хлопец штурхнуў супрацоўніка ў сьпіну.

У дадатак, Міхальцова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Яна нібыта ўтрымлівалася ў меркаваньні, якое Міхальцоў выказаў у тэлеграм-канале. Прысуд — 3 гады калёніі агульнага рэжыму, судзьдзя Марына Кацуба.

Палітвязьню хочуць зьмяніць рэжым з «хіміі» на папраўчую калёнію

Адміністрацыя папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 Віцебску, дзе лідэр панк-гурту Mister X адбывае зьняволеньне, хадайнічае пра зьмену рэжыму ўтрыманьня палітвязьня. Яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня. Суд мае прыняць рашэньне 23 верасьня, паведамляе «Вясна».

Адміністрацыя выстаўляе прэтэнзіі Ігару Банцэру за 6 эпізодаў. Сярод іх: заснуў на крэсьле, не пагаліўся, ня выканаў каманды «адбой». Адміністрацыя лічыць, што гэтага дастаткова, каб замяніць Банцэру абмежаваньне волі на пазбаўленьне волі. Музыка лічыць прэтэнзіі адміністрацыі палітычным ціскам.

«Я адмовіўся падпісаць прашэньне аб памілаваньні», — зазначыў ён.

Асуджанаму за марш у Кунцаўшчыне — новыя «суткі»

Затрыманаму 9 верасьня на маршы ў менскім раёне Кунцаўшчына Дзьмітрыю Палякову прысудзілі новы адміністрацыйны арышт. Раней ён адбыў 13 содняў арышту, цяпер судзьдзя Ала Скуратовіч зноў прысудзіла яму такі самы тэрмін па артыкуле 19.1 КаАП РБ (Дробнае хуліганства), піша «Наша ніва»​.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG