Антон Гашынскі патлумачыў Zerkalo.io, як ён плянуе працаваць зь беларускімі кліентамі.
Калі ў Беларусі адвакатам зь ліцэнзіяй можа стаць толькі грамадзянін краіны, то ў Расеі для гэтага, акрамя прафэсійных патрабаваньняў, дастаткова пастаяннага або часовага права на пражываньне. Гэта значыць, што грамадзяне Беларусі з адпаведнымі адукацыяй і досьведам працы, якія пражываюць у Расеі, могуць атрымаць там статус адваката, патлумаў Гашынскі:
«Трэба здаць кваліфікацыйны экзамэн, прыняць прысягу і атрымаць статус адваката. Я ўсе гэтыя працэдуры прайшоў. 22 верасьня прыняў прысягу, з моманту прыняцьця якой мне ўручаны значок адваката Расейскай Фэдэрацыі і прысвоены гэты статус».
22 верасьня Гашынскі, які раней пасьпяхова здаў кваліфікацыйны экзамэн, прынёс прысягу ў Адвакацкай палаце Маскоўскай вобласьці.
На працягу месяца, атрымаўшы пасьведчаньне адваката, ён прыступіць да працы. У ягоных плянах працаваць у Расеі, але працягнуць таксама кансультаваць беларусаў, дамагчыся права працаваць на тэрыторыі Беларусі і вярнуцца да абароны старых кліентаў.
Антона Гашынскага раней пазбавілі ў Беларусі ліцэнзіі. Паводле яго, цяпер ён законна зможа прадстаўляць інтарэсы арыштаваных у Беларусі расейцаў Соф’і Сапегі і Ягора Дуднікава.
«Пляную працягнуць іх абараняць. Тым больш калі будзе працэдура экстрадыцыі, я змагу суправаджаць гэты працэс як унутры Беларусі, так і на тэрыторыі Расеі. У цэлым я буду працаваць на тэрыторыі Расеі, але змагу абсалютна законна кансультаваць грамадзян Беларусі, рыхтаваць праекты прававых дакумэнтаў, скаргаў. Пытаньне будзе толькі з допускам адваката ў спэцустановы і органы, якія вядуць крымінальны працэс, суды, Сьледчы камітэт, КДБ. Але тут павінны працаваць дамоўленасьці ў рамках саюзнай дзяржавы», — адзныў адвакат.
Беларускае заканадаўства дапускае магчымасьць аказаньня юрыдычнай дапамогі ня толькі беларускімі адвакатамі, але і замежнымі, у тым выпадку, калі гэта прадугледжана міжнароднымі дамовамі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў